Начальником почтового отделения в Юрковщине Докшицкого района работает Мария Крукович

IMG_0655Марыя Круковіч (на здымку) — паважаны чалавек у Юркаўшчыне. Яна неаднаразова станавілася гераіняй артыкулаў раёнкі, бо яе работа, як начальніка паштовага аддзялення, з’яўляецца паказальнай у сваёй сферы шмат год.
— Пошта — мой другі дом, – расказвае Марыя Мечыславаўна. — У ім “жыву” з 86-га года, і ніводнага разу не пашкадавала пра свой выбар. Падпіска, плацяжы, аплата крэдытаў, выдача пенсій, продаж прадуктаў і спажывецкіх тавараў — гэта невялікі пералік тых абавязкаў, якія я выконваю з дня ў дзень. У маім абслугоўванні зараз знаходзяцца 73 чалавекі (61 у Юркаўшчыне і 12 у Вярэньках). Да абеду працую на месцы, а другая палова дня гэта мае пешыя, так бы мовіць, “прагулкі” з дастаўкай карэспандэнцыі і не толькі. Чакаюць вяскоўцы пенсіі, аплату за сельгаспрадукцыю (так званую “за малако”). Ёсць у сумцы месца і для тавараў народнага попыту, якія заказваюць сельскія жыхары. Калі не аўталаўка, то паштальён даставіць і хлеб, і соль.
Самая далёкая кропка на карце раёна, куды трэба дайсці Марыі Круковіч, — вёска Струкі. Гэта ні многа, ні мала, а дзесьці 5 кіламетраў. А на плячы сумка ў некалькі кілаграмаў. Такая вось штодзённая фізкультура.
— Нагрузка мяне не пужае, галоўнае, каб людзі былі задаволеныя, — кажа Марыя Мечыславаўна. — Цяжкасці заўсёды загартоўваюць чалавека, робяць яго больш устойлівым да знешніх фактараў.
Любіць сваю работу жанчына, уважліва адносіцца да кожнага чалавека, з якім працуе. Начальства цэніць яе за адказнасць і дысцыплінаванасць. А вяскоўцы заўсёды рады проста Марыі — начальніку і паштальёну.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *