Территория детского сада в деревне Глинное Докшицкого района заполнена яркими предметами всех цветов радуги

IMG_0487Гліннае. Камандзіроўка. Пад снежным покрывам, які з раніцы агарнуў тэрыторыю мясцовага дзіцячага садка, бачны яркія прадметы ўсіх колераў вясёлкі. Гэта абрысы альтанак, арэляў, пясочніц, казачных герояў. Яны так і клічуць завітаць у дзіцячае царства. Не прамінаем гэта зрабіць.

Нас сустракае загадчыца садка Зоя Зімніцкая. Уся працоўная біяграфія жанчыны звязана з дашкольнай установай. Будынку садка хутка 45 гадоў, 39 з іх тут працуе Зоя Вікенцьеўна. Пачынала выхавальніцай, а з 1984 года – загадчыца. Былі часы, калі ў сценах установы гаманіла да 90 хлопчыкаў і дзяўчынак. Зараз бацькі прыводзяць сюды 16 дзетак. Гэта дазваляе сфарміраваць дзве групы па ўзросту. Кожная з груп мае свой гульнявы пакой, асобны пакой для дзённага сну. У садку ўтульна і цёпла. Уся свабодная прастора выкарыстана з карысцю для малышоў. Наглядныя развіваючыя куткі, наборы, якія вучаць бяспецы, бібліятэка, крама, атэлье і іншыя аб’екты ў мініяцюры. Уражвае куток беларускіх гаспадароў з бялюткай печчу, вышыванкамі і побытавымі рэчамі. Прычым усе іх можна памацаць, пагуляць у гаспадыньку, запрасіць за столік з дзіцячым посудам і самаварам.

Створаная ўнутры і звонку прыгажосць — справа рук усяго калектыву. Загадчыца кажа, што ў іх садку няма раўнадушных работнікаў. Справу, лічы, не дзеляць на тваю і маю. Трэба майстраваць упрыгажэнні – майструюць разам, трэба пасадзіць кветкі – няма пытанняў.

Глінскі садок на многія гаспадарчыя патрэбы стараецца зарабіць сам. Мясцовая гаспадарка кожны год дапамагае дагледзець надзел бульбы. Выбраўшы яе, частку пакідаюць для дзіцячага харчавання, а лішкі – прадаюць. За выручаныя сродкі тут аднавілі шторы на вокнах, набылі рознакаляровыя фарбы, новы посуд.

Зоя Вікенцьеўна кажа, што не баіцца той пары, калі пакіне сваю пасаду. Сярод выхавальніц ёсць дастойная змена. Толькі вось хочацца, каб даўжэй праіснаваў садок у іх населеным пункце, каб нараджалася больш дзетак і калектыву было дзеля каго працаваць.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ:
малодшая група
з выхавальніцай
Святланай Касцюк.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *