В г.п. Бегомль Докшицкого района строится храм

IMG_7588У гонар Нараджэння Багародзіцы будуецца храм у г.п. Бягомль. Так яго назвалі ў памяць аб старадаўняй драўлянай царкве, на месцы якой пазней быў пабудаваны каменны храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Гэта ён быў аддадзены на разрабаванне ваяўнічым атэістам. Самы прыгожы будынак Бягомля стаў складам, потым спіртзаводам. Толькі напачатку 90-х яму зноў вярнулі першапачатковае прызначэнне. Царква, па няведанні, была асвечана ў гонар Усіх Святых. Пазней яе настаяцель іерэй Валерый Цімкоў па крупінках аднавіў гістарычныя звесткі пра праваслаўныя храмы, якія існавалі ў гарпасёлку. Было прынята рашэнне новы храм асвяціць у гонар таго першага, звесткі аб якім захаваліся ў гісторыі.
– Да канца года з Божай дапамогай плануем завяршыць будаўнічыя работы, – гаворыць айцец Валерый. – Новая царква невялікіх памераў, але ўсё ж гэта не прыстасаванае памяшканне ў бальніцы, дзе на працягу апошніх пяці гадоў праводзіцца царкоўная служба. Пад шатамі сапраўднага храма ўсё набывае іншае значэнне, у тым ліку і малітва.
Будуем уласнымі сіламі на ахвяраванні добрых людзей. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць за дапамогу благачыннаму Докшыцкай акругі протаіерэю Георгію Мялешку, які даў дазвол на збор ахвяраванняў па вялікіх святах ва ўсіх храмах благачынія. А таксама пеўчым, прыхаджанам нашага прыходу, якія займаюцца гэтай справай, усім добрым людзям, хто падаў ахвяру на будаўніцтва нашага храма. Бягомлю ён вельмі патрэбны.

З дня на дзень будучую царкву ўпрыгожаць шатры, якія на нашым здымку пакуль што знаходзяцца побач з будынкам. На іх паставяцца купалы з крыжамі і над Бягомлем, хочацца верыць, зноў залунае Пакроў Прасвятой Багародзіцы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *