Встреча выпускников школ с представителями ведущих сельскохозяйственных учебных заведений страны прошла в Докшицах

IMG_9532У час школьных канікулаў прайшоў традыцыйны злёт выпускнікоў. На сустрэчу з будучымі абітурыентамі, а, магчыма, і студэнтамі прыехалі прадстаўнікі вядучых сельскагаспадарчых вучэбных устаноў краіны: Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Адкрыў злёт першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С.У. Абірала. Сяргей Уладзіміравіч сам з’яўляецца патомным аграрыем. У свой час закончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. За 21 год працы ў сельскагаспадарчай галіне раёна здолеў заявіць пра сябе, як спецыяліст і кіраўнік. Каму, як не яму, вядомы ўсе плюсы і мінусы прафесіі аграрніка.

– Той, хто нарадзіўся і вырас на зямлі, толькі ў працы на ёй здольны атрымаць поўны душэўны камфорт, – сказаў у час выступлення Сяргей Абірала. – Гэта прафесія вечная, яна заўсёды ў пашане. Чалавеку пры любых абставінах хочацца есці, і менавіта мы забяспечваем харчовую бяспеку краіны. Аграпрамысловаму комплексу сёння патрэбны адукаваныя кадры. Нават, каб кіраваць дорагакаштуючым трактарам, цана якога даходзіць да 800 тысяч долараў, трэба вучыцца. Вельмі хочацца спадзявацца, што сярод вас знаходзяцца будучыя інжынеры і аграномы, механізатары і бухгалтары, якія, калі закончаць далейшую вучобу, вернуцца на сваю малую радзіму.

Прадстаўнік кожнай навучальнай установы атрымаў слова на злёце і пастараўся як мага цікавей, з выкарыстаннем рэкламных фільмаў, маляўнічых буклетаў, расказаць, як здорава ў ёй вучыцца. Карысным для падлеткаў стала выступленне тых, хто ўжо мае дыплом і распачаў працоўную дзейнасць. Гэта дырэктар КУСГП імя Чэрныша Ягор Віннікаў, галоўны інжынер гэтай жа гаспадаркі Іван Гаўрык, спецыяліст па кадрах ДП “АграБераснёўка” Юлія Карніловіч. Вучань Тумілавіцкай школы Павел Сыс прызнаўся, што хутчэй за ўсё спыніцца на адной з сельскагаспадарчых прафесій.

Пра тое, як можна скарыстаць магчымасці мэтавых накіраванняў пры паступленні, будучым выпускнікам расказала галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Таццяна Куратнік.
На мерапрыемстве, арганізаваным упраўленнем райсельгасхарчу, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пры дапамозе РК ГА “БРСМ”, прысутнічалі больш за 60 вучняў 9 і 11 класаў школ раёна, а таксама кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: выступае начальнік райсельгасхарчу С.У. Абірала.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *