Докшиччина гордится театром батлейки

IMG_3812«Тэатр пачынаецца з лялькі», — сцвярджае кіраўнік сучаснай Докшыцкай батлейкі Таццяна Канцавая. – Народны тэатр батлейка – адзін са старажытных відаў беларускага мастацтва. За сваю даволі немалую гісторыю развіцця батлейка ўнесла вялікі ўклад у развіццё не толькі традыцыйнага тэатра лялькі, але і ў драматургію ў прыватнасці. Сюжэты, якія разыгрываліся ў старажытнасці, звычайна расказвалі пра жыццё народа, хаця зараджэнне гэтага віду мастацтва звязана з біблейскай тэматыкай.

Докшыччына ганарыцца тэатрам батлейкі, які распачаў сваё існаванне яшчэ ў 19 стагоддзі. Першым і адзіным батлеечнікам у раёне быў Патупчык, які радаваў жыхароў сваім майстэрствам да 1939 года. Толькі ў 1997 годзе з падачы вядомага культработніка Уладзіміра Пусташылы Докшыцкая батлейка ўзнавілася. Амаль 20 гадоў яе кіраўніком з’яўляўся Роберт Пянткоўскі. Хто не памятае дзядка з лялечным тэатрам на колах, што распачынаў шматлікія раённыя святы?
Таццяна Канцавая стала кіраваць батлейкай са жніўня мінулага года. За гэты невялічкі час удзельнікі калектыву выступілі на трох конкурсах, і заўсёды былі адзначаны.
– Вельмі радуе, што людзі, да якіх звяртаешся па дапамогу, неабыякавыя, – дзеліцца Таццяна. – Усюды сустракаюцца энтузіясты: Іван Плыгаўка з Дома рамёстваў змайстраваў падстаўку для лялек, яго каляжанка Наталля Пятровіч дапамагла вырабіць тэкстыльных лялек. Ёсць героі, якіх я сама звязала. Усяго ў тэатры пакуль што іграюць шаснаццаць лялек. Вельмі ўдзячна актывістам-батлеечнікам, якія не толькі ніколі не адмаўляюць, але і заўсёды дзеляцца новымі ідэямі і задумамі. Гэта Алена Чысцякова і Віталій Васюковіч. Наогул, у батлеечным тэатры ў пастаноўках прымаюць удзел адзінаццаць чалавек. Удзельнікі калектыву з задавальненнем рыхтуюць новыя пастаноўкі, вырабляюць лялькі і дэкарацыі.
У рэпертуары Докшыцкай батлейкі ёсць прадстаўленні як для дарослых (інтэрмедыі “На вясёлы кірмаш”, “Докшыцкія навіны” і інш.), так і для дзяцей. Зараз ідуць рэпетыцыі вершаванай казкі “Як павука з луга праганялі”. Свае пастаноўкі тэатр дэманструе ў дзіцячых садах, школах. Выступаюць артысты і на гарадскіх і раённых мерапрыемствах. Усе творы ідуць на беларускай мове.
Не так даўно Докшыцкая батлейка Патупчыка прыняла ўдзел у рэгіянальным фестывалі “Чароўны свет батлейкі” ў Смаргоні. Калектыў прадэманстраваў беларускае свята “Камаедзіца”, асаблівасцю якога сталі акапэльныя спевы, выканаць якія дапамаглі педагогі дзіцячай школы мастацтваў. Выступленне суправаджалася танцам “Лявоніха”. Пасля конкурсу, у якім Докшыцкая батлейка стала пераможцай у намінацыі “Лепшае музычнае афармленне спектакля”, калектыў выступіў у бальніцы сястрынскага догляду і доме пражывання для адзінокіх пажылых людзей.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *