В Докшицах гостил Владимир Яговдик

День Победы Бегомль 010Тры сустрэчы з чытачамі правёў вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік, пакуль знаходзіўся ў нашым горадзе. Каб пагутарыць з аўтарам любімых кніжак, у раённую дзіцячую бібліятэку прыйшлі вучні пачатковых класаў гарадской школы № 1, прыехалі сельскія бібліятэкары. Усе яны добра ведаюць аўтара дзіцячых кніжак, які шмат піша пра беларускую прыроду, пра яе крыніцы, рэкі, нацыянальныя паркі і запаведнікі. У яго шмат казак, апрацаваных народных паданняў. Па п’есах Уладзіміра Ягоўдзіка ставяцца тэатральныя і радыёспектаклі. Двухтомнік твораў пісьменніка “Выбранае” на міжнародным конкурсе ў Браціславе атрымаў ганаровую ўзнагароду ў намінацыі “Самае лепшае выдавецтва”.
Уладзімір Міхайлавіч нездарма піша для дзяцей. Ён вельмі добра ўмее размаўляць з малымі, зацікавіць іх, стварыць атмасферу радасці і шчырасці. У час сустрэч вольна было і дзецям, і дарослым. Асаблівы давер да пісьменніка адчувалі чацвёртакласнікі настаўніцы Алены Вахавіч. Справа ў тым, што ў класе Алены Іванаўны жыве паэтычная творчасць. Настаўніца падтрымлівае юных паэтаў, дапамагае ім і нават выпускае газету. Таму Глеб Круглянін і Ангеліна Машынская бойка прачыталі пісьменніку яго і свае вершы, за што атрымалі ў падарунак кнігі. Уменне рыфмаваць радкі прадэманстравала і сама настаўніца (на здымку).
Цёплая размова атрымалася ў госця з дзесяцікласнікам СШ № 1 Уладзіславам Труханавым. Хлопец напісаў у дзіцячы літаратурны часопіс “Бярозка” артыкул пра тое, як ён пачаў размаўляць у школе на беларускай мове, і што з гэтага атрымалася. У свой час Уладзімір Ягоўдзік быў галоўным рэдактарам гэтага часопіса, і таму ён шчыра падтрымаў хлопца, сказаў яму слова “на дарогу”.
Дадому пасля сустрэчы многія дзеці пайшлі з кніжкамі на беларускай мове цікавага пісьменніка У. Ягоўдзіка.

Тэкст і фота
Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *