В Докшицком районе работает товароведом Светлана Ермакович

IMG_3710У сістэме спажывецкай кааперацыі Святлана Ярмаковіч працуе больш за 10 год. Закончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт. Зараз займае пасаду таваразнаўцы гарадскіх гандлёвых кропак. Як прадстаўнік камерцыйнай службы райста, ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю крам спажывецкай кааперацыі, падачай заявак на размеркавальныя склады, вывучае попыт насельніцтва, аналізуе паступленне тавараў, сочыць за тэрмінамі рэалізацыі прадукцыі, захаваннем правіл гандлю. Галоўнае ў дзейнасці таваразнаўцы – максімальнае задавальненне пакупніцкага попыту, атрыманне прыбытку гандлёвымі кропкамі ва ўмовах канкурэнцыі.
Летась тэмп росту тавараабароту па гарадскіх гандлёвых кропках склаў 98,9 працэнта. Найбольш высокі атрымалі крамы “Дзяжурная” (109,9 працэнта) і “Зручная” (100,6 працэнта). Сярэднямесячны тавараабарот крамы “Родны кут” склаў больш за 3 мільярды рублёў. На такія важкія здабыткі паўплывала ў першую чаргу тое, што гэтыя гандлёвыя кропкі працуюць напрамую з пастаўшчыкамі тавараў. Шмат тавараў рэалізуецца па акцыях, прымяняецца іх палетная выкладка.
Пасля адкрыцця “Дабранома”, для падтрымання канкурэнтаздольнасці крамы “Зручная”, праведзена яе пераабсталяванне, таксама арганізавана палетная выкладка. На вялікі тавараабарот у краме “Дзяжурная” ўплывае разнастайны асартымент гэтай гандлёвай кропкі і, канечне, падоўжаны рэжым работы. Крама “Юбілейная” займае найбольшую ўдзельную вагу па рэалізацыі ўласнай прадукцыі. Названыя прадпрыемствы з’яўляюцца абаротастваральнымі гандлёвымі кропкамі горада.
Добра зарэкамендавала сябе “Мясная лаўка”, якая была адкрыта мінулым летам. У ёй рэалізуюцца ахалоджаная свініна, ялавічына, а таксама мяса птушкі. З замарожанай прадукцыі: бараніна, мяса труса. Тавараабарот крамы з пачатку адкрыцця склаў больш за 1 мільярд рублёў.
– У нашых крамах карыстаюцца попытам тавары з лагатыпам Белкаапсаюза, на якія дзейнічаюць цэны ніжэйшыя за рыначныя, – расказвае Святлана. – Яны вызначаюцца цэннікамі жоўтага колеру або надпісам “Лепшая цана”. Тавары прадпрыемстваў кааператыўнай прамысловасці выдзяляюцца цэннікамі зялёнага колеру. Лічым, што падобныя асаблівасці могуць паўплываць на выбар пакупніка, бо яны звяртаюць на сябе ўвагу.
У крамах рэалізуецца шмат прадукцыі ўласнай вытворчасці. Асартымент кандытарскага цэха прадстаўлены 15 відамі пячэння, 20 – пірожных, 10 – тартоў. Карыстаюцца попытам піражкі, смажанкі, піцы, курыныя рулеты, галубцы, пельмені.
Нам усё складаней змагацца з канкурэнцыяй. Ведаем, што пераможцамі ці дастойнымі сапернікамі можам стаць, калі будзем правільна працаваць з заяўкамі і таварнымі запасамі, прымяняць гнуткую палітыку цэн.

НА ЗДЫМКУ: таваразнаўца С. Ярмаковіч абмяркоўвае таварны асартымент з загадчыцай крамы “Дзяжурная” А. Дубаневіч.
Тэкст і фота
Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *