Мероприятия к 100-летию со дня рождения Виталия Борового прошли на прошлой неделе в Докшицах

IMG_6571Наш зямляк айцец Віталій Баравы, які пражыў доўгае і праведнае жыццё, дасягнуў вышынь у служэнні праваслаўю. Ён меў найвышэйшы сан протапрэсвітара, да апошніх дзён быў супрацоўнікам Маскоўскай патрыярхіі, з’яўляўся пастаянным удзельнікам міжнародных і міжцаркоўных асамблеяў і форумаў, прадстаўляў РПЦ у міжхрысціянскіх арганізацыях. У памяці ўсіх, хто яго ведаў, застаўся сапраўдным святаром, які шчыра служыў Богу. 100-годдзю з дня нараджэння гэтага выдатнага чалавека былі прысвечаны мерапрыемствы, якія прайшлі на мінулым тыдні ў Докшыцах.
Пачаліся яны Божай літургіяй у гонар протапрэсвітара, якую ў Свята-Пакроўскай царкве адслужыў Яго Высокапраасвяшчэнства архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Затым госці свята і ўсе прысутныя наведалі ГЦК, дзе пазнаёміліся з матэрыяламі выставы, прысвечанай жыццю і справам царкоўнага і грамадскага дзеяча, багаслова і педагога Віталія Баравога, сталі ўдзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства “Сейбіт дабра і праўды”.
– Віталій Баравы адносіцца да людзей мінулай эпохі, якія прадстаўляюць генафонд нацыі. Іх дзяцінства і юнацтва прыйшліся на гады вялікіх грамадскіх катаклізмаў, – сказаў у прывітальным слове Уладыка Феадосій. – Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, рэпрэсіі, Другая сусветная вайна прынеслі вялікія іспыты. Гэта былі гады ганення на Царкву, і тых, хто ў гэты час ступіў на шлях служэння Богу, можна смела аднесці да герояў, а іх крок да святарства – подзвігам. Віталій Баравы дастойна прайшоў усе іспыты і застаўся верны Богу.
Уладыка, якому пашчасціла слухаць лекцыі прафесара Баравога ў час вучобы ў Маскоўскай духоўнай акадэміі, адзначыў яго вялікую эрудыцыю, глыбокія веды, якія ўражвалі. Протапрэсвітар наведаў многія краіны, быў знаёмы з вялікімі людзьмі сваёй эпохі і разам з тым заставаўся простым, шчырым чалавекам, які знаходзіў час для цікавай размовы з кожным студэнтам.
Пра шчырасць Віталія Баравога, яго вялікую любоў да роднай Беларусі ўспамінаў у сваім выступленні і протаіерэй Сергій Гардун.
Старшыня райвыканкама Алег Пінчук у сваёй прамове назваў Баравога выдатным сынам Докшыцкай зямлі і шчыра падзякаваў Уладыку за тую ўвагу, якую ён надае Докшыцкай акрузе.
Дзякуючы мерапрыемству, якое падрыхтавалі работнікі культуры, усе прысутныя змаглі пазнаёміцца з многімі фактамі біяграфіі Віталія Баравога, лепш уяўляць яго пастырскае і духоўнае служэнне праваслаўнай веры. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел святары з Масквы, Мінска, Полацка, настаяцелі храмаў Докшыцкага благачыння, некаторыя сваякі Баравога, шматлікія вернікі.

Тамара СТАДНЮК.
НА ЗДЫМКУ: на мерапрыемстве ў ГЦК.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *