Накануне Дня Победы Докшицы посетил гражданин США

IMG_4849Напярэдадні Дня Перамогі Докшыцы наведаў ужо вядомы ў нашым раёне Арон Гінзбург з ЗША. Гэта ён прыязджаў у 2008 годзе разам з Джо Полякам з ПАР і іншымі габрэямі на адкрыццё адноўленых габрэйскіх могілак па вул. Піянерскай у райцэнтры. Работы па ўшанаванні памяці былых жыхароў горада, добраўпарадкаванні тэрыторыі праводзіліся за кошт сродкаў, сабраных фондам, які стварыў Арон Гінзбург. Ініцыятарам узвядзення своеасаблівага мемарыялу ахвяр Халахоста стаў Докшыцкі райвыканкам. Зараз у раён кожны год прыязджаюць нашчадкі тых габрэяў, для якіх родным горадам былі Докшыцы. У розныя часы гэтыя людзі выехалі ў Палесціну, Канаду, ЗША, але тугу па зямлі, якая некалі была для іх радзімай, здолелі перадаць сваім дзецям і ўнукам. Асабліва балючы гэты прыезд для тых, у каго блізкія людзі загінулі ў Докшыцкім гета, былі расстраляны ў іншых населеных пунктах раёна.
Родныя Арона Гінзбурга жылі ў вёсках Вускрам’е на Бягомльшчыне і Іванаўшчына ў Глыбоцкім раёне. Яны выехалі адтуль яшчэ да вайны. Яе ж ахвярамі сталі сем’і братоў у Барысаве, Даўгінаве. У Параф’янаве загінулі 48 чалавек. Вось чаму такой дарагой з’яўляецца наша зямля для гэтага чалавека. Былы фармацэўт з невялікага гарадка штата Масачусетс, дзе ён узначальвае абшчыну габрэяў Докшыц, адчувае вялікае задавальненне ад таго, што робіць.
– Я за сваё жыццё атрымаў шмат падарункаў, – сказаў ён, – гэта прыемна, але як здорава дарыць самому! Я рады таму, што зараз у габрэяў з Докшыц ёсць магчымасць сустрэцца з радзімай, дзе знаходзяцца іх карані. Пакуль людзі памятаюць пра гэта, яны жывуць. Усе габрэі свету, карані якіх у Докшыцах, лічаць сённяшніх дакшычан сваёй сям’ёй.
Шаноўны госць меў сустрэчу са старшынёй райвыканкама А.Л. Пінчуком. Разам з сябрам Марвінам Кабяковым, продкі якога таксама пахаваны на докшыцкіх могілках, яны зрабілі экскурсію па габрэйскіх мясцінах горада, наведалі вёску Вознаўшчына, аграгарадок Параф’янава. Мясцовая жыхарка Марыя Варапаева расказала, што чула ад бацькоў пра жыццё мясцовай габрэйскай абшчыны. Прыемнай нечаканасцю стала сустрэча са 103-гадовай Надзеяй Юхнавец з вёскі Вускрам’е. Як аказалася, бабуля добра памятае бацьку Арона і тое, як ён ў 20-х гадах выязджаў з вёскі ў ЗША.
У кінаканцэртнай зале “Іскра” госці сустрэліся з вучнямі гарадскіх школ і гараджанамі, адказалі на іх пытанні. Зрэшты, некаторыя з нашых дзяцей задавалі пытанні на англійскай мове. Нікога не пакінулі раўнадушным шчымлівыя кадры кінафільма, які быў створаны па матывах паездкі 2008 года.
На другі дзень да амерыканскіх габрэяў далучыліся іх сваякі з Мінска, а таксама грамадскасць горада. Усе разам прайшлі шляхам, які стаў апошнім на гэтай зямлі для амаль трох тысяч докшыцкіх габрэяў у маі 1942 года. Ля помніка ахвярам нацызму памаліліся, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання, усклалі кветкі.
Ад’язджаючы, нашчадкі габрэяў шчыра дзякавалі за цёплы прыём. Захапляліся тым, як беражліва захоўваюць на Беларусі памяць усіх ахвяр Другой сусветнай вайны, незалежна ад нацыянальнасці.
У паездках па раёне амерыканцаў суправаджалі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, настаўніца сярэдняй школы № 2 г. Докшыцы Алена Хілько, якая была за перакладчыцу.

НА ЗДЫМКУ: на сустрэчы з продкамі.
Тэкст і фота Тамары
АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *