Элина Подлещук работает начальником планово-экономического отдела РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник»

IMG_9578Сёлета спаўняецца 15 гадоў з таго часу, як у Рэспубліцы Беларусь Указам Прэзідэнта ўстаноўлена дзяржаўнае свята – Дзень эканаміста. Дата гэта не выпадковая. Менавіта 30 чэрвеня 1921 года было распрацавана і зацверджана палажэнне аб планавай камісіі (Дзяржплане) БССР. Пасля распаду СССР Дзяржаўны планавы камітэт ператвораны ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па эканоміцы і планаванні, а з 1994 года – у Міністэрства эканомікі.

Пра эканамічны аптымізм

Начальнік планава-эканамічнага аддзела РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Эліна Падляшчук (на здымку) сем гадоў у арганізацыі, з іх больш за шэсць узначальвае службу. Маючы спецыяльнасці таваразнаўцы і эканаміста, яна доўгі час працавала ў спажывецкай кааперацыі, але калі прыйшла ў камунгас шмат чаму вучылася нанова.
Уся справа ў спецыфіцы і шматпрофільнасці паслуг, якія камунгас аказвае насельніцтву і юрыдычным асобам. Частку выдаткаў, што кладуцца на паслугі, фінансуюць з бюджэту, нешта перакрываецца перакрыжаваным субсідзіраваннем. Да таго ж, усе паслугі трэба “развесці” па галінах. Так што спраў эканамічнаму аддзелу, у якім працуюць яшчэ тры спецыялісты, хапае і на рабочыя гадзіны, і на нерабочы час, асабліва калі набліжаюцца даты здачы чарговых справаздач. На першы погляд можа здацца, што работа эканаміста абмежавана паперамі, камп’ютарам і сценамі кабінета. Аднак, Эліна Анатольеўна сцвярджае, што ўсе эканамісты аддзела добра знаёмы з працэсам рэальнай вытворчасці. Ім даводзілася бываць на ўчастках, за якія адказваюць, і гэта не выпадковасць, а заканамернасць эфектыўнага планавання.
Нядаўна ў галіне быў уведзены новы парадак фінансавання – па планава-разліковых цэнах. Галоўны эканаміст спадзяецца, што калі атрымаецца ўкласціся ў планавы сабекошт, то арганізацыя можа разлічваць на рэнтабельнасць да 10 працэнтаў. Пакуль мінула толькі палова года, а на аптымістычны прагноз яшчэ працаваць і працаваць.

… і асабісты выбар

Эліна была ў бацькоў позняй, адзінай і таму вельмі жаданай дачушкай. Тата нават імя ёй прыдумаў незвычайнае для таго часу, такое насіла іх сваячка з Польшчы. Калі маці трэба было чымсьці заняць дачку, каб управіцца з гаспадаркай, яна складала ёй прыклады і давала рашаць. І гэта не было прымусам. Дзяўчынка з невялікай вёсачкі на Порплішчыне вельмі любіла матэматыку. Калі настала пара паступлення, яна вырашыла стаць зубным тэхнікам, ды пабаялася вялікага конкурсу на гэту спецыяльнасць і падала дакументы ў тэхнікум на таваразнаўцу. І паступіла, нягледзячы на тое, што конкурс на гэту спецыяльнасць, як потым аказалася, быў у два разы большым, чым у медыцынскі – 12 чалавек на месца. Вышэйшую адукацыю будучы галоўны эканаміст набывала значна пазней у Гомельскім кааператыўным універсітэце і ніколі пасля аб гэтым не пашкадавала.
– Веды не бываюць лішнімі, а тым больш для тых спецыялістаў, якія плануюць на перспектыву,” – лічыць Э.А. Падляшчук і дадае:
– Новая работа і калектыў былі і ёсць мне па душы. Як быццам працавала тут усё жыццё. Аднак і на былым месцы працы засталіся добрыя сяброўкі, з якімі трымаю сувязь. Я ўдзячна лёсу за тое, што ўсё так склалася ў свой час. У нашай арганізацыі працуе больш за паўтысячы чалавек. Напярэдадні свята хацелася б пажадаць калегам дабрабыту, фінансавай стабільнасці і моцнага здароўя.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *