Люди Докшицкого района на работе и отдыхе


IMG_6646Павел Анашкевіч з тых хлебаробаў, якія разумеюць, што праца на зямлі не падпарадкоўваецца Працоўнаму кодэксу. Каб вырасціць хлеб, трэба працаваць ад цямна да цямна. Павел так і робіць, заўсёды перавыконваючы дзённыя нормы выпрацоўкі. Яго энерганасычаны “Беларус” працуе на самых розных сельскагаспадарчых работах. Асабліва незаменны ён тады, калі трэба араць глебу.
Вясной у час паездкі ў гаспадарку мы сустрэлі Паўла ля Варганоў. Поле ў 60 гектараў, на якім шчыраваў механізатар, ляжала ў лагчыне, таму глеба была яшчэ дастаткова вільготнай, што ўскладняла працу. Узбіраючыся на пагоркі, трактар натужна роў, пакідаючы за сабой роўныя пласты ворыва. Няёмка было нагадваць пра сябе ў момант такой адказнай работы, таму пачакалі перапынку на абед, балазе, да яго заставалася некалькі хвілін. Абед з трох страў механізатар пахваліў, паведаміў, што яшчэ даюць добры падвячорак, таму з дому браць лусту няма неабходнасці. Пад’еў, перакінуўся парай слоў з карэспандэнтамі і зноў завёў трактар, якім усё яшчэ цешыцца, бо не так даўно атрымаў яго прама з завода. Няма калі байкі расказваць хлебаробу – зямля чакае.
Пасля заканчэння ворыва, механізатар, як і кожны год, уключыўся ў зялёны канвеер па нарыхтоўцы кармоў. І зноў яго прозвішча будзе ў лідарах.
За працавітасць і добрасумленныя адносіны да працы П.Я. Анашкевіч не раз адзначаўся кіраўніцтвам гаспадаркі. Яго прозвішча заносілася на раённую Дошку гонару.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: механізатар ААТ “Барсучанка” П.Я. Анашкевіч.
Фота В. Чарвінскага.

***

IMG_7104Яўген Кімстач, ураджэнец вёскі Шылькі, працуе жывёлаводам больш за дваццаць гадоў. Раней у калгасе “Памяць Ільіча”, зараз – у ДП “АграСітцы”. Звязаў сваё жыццё з вёскай не з-за таго, што так склаліся абставіны, а менавіта па прызванні. Яўген – старанны, працавіты, дбайны гаспадар. А яшчэ вельмі любіць жывёлу. Таму за ўсе гады сваёй працы ніколі не меў нараканняў ад кіраўніцтва, а, наадварот, — быў і з’яўляецца прыкладам адказнасці і добрасумленнасці для іншых. Яўген – аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы. Працуе на ферме ў Валкалаце разам з Анатолем Старадубцавым, іх зладжаны тандэм заўсёды паказвае вельмі добрыя вынікі ў нялёгкай рабоце. Апошняе ж дасягненне Яўгена Кімстача – другое месца ў раённым спаборніцтве аператараў па адкорме маладняку ў 2014 годзе.
— Працую на ферме з 7 гадзін да 11-і, а затым з 15-і да 18-і, — распавядае Яўген. – Хаця, безумоўна, часта прыходзіцца затрымлівацца і пазней – жывыя ж істоты…
А дома чакае свая (ды немалая!) гаспадарка: карова, конь, свінні, куры, сабакі, каты – усіх дагледзіць рупны гаспадар, кожнага прылашчыць. У двары, у доме, на дрывотні, у хлявах, у агародах – усюды парадак.
Яшчэ зусім малады, Яўген ужо дзядуля. Старэйшая дачка Надзейка падаравала тату і маме Марыі вялікую радасць – унучку Анютку. Малодшая, Віка, заканчвае школу і таксама радуе бацькоў вынікамі вучобы і шматлікімі талентамі.
Свой вольны час Яўген праводзіць у мясцовым доме культуры, з’яўляецца ўдзельнікам народнага ансамбля народнай песні “Прызбачка” (на здымку другі злева).
“Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”, — сцвярджае народная мудрасць. Гэта пра яго, Яўгена Кімстача, які знайшоў сваё месца на роднай зямлі, жыве і працуе на ёй годна і прыгожа.

Алена Несцяронак.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *