В школах Докшицкого района прошли выпускные балы

IMG_7352

Выпускники СШ №1 г. Докшицы

166 адзінаццацікласнікаў раёна развіталіся са школай і сустрэлі світанак у адзін з чэрвеньскіх дзён. З іх трыццаць сем выпускнікоў з СШ № 1 і дваццаць дзевяць з СШ № 2 шыкоўнымі сукенкамі дзяўчат і строгімі касцюмамі юнакоў расквецілі галоўную вуліцу горада. Традыцыйна іх віталі жыхары і госці райцэнтра: адны любаваліся шэсцем, другія ўспаміналі свае школьныя гады. Школы раёна па праву ганарацца сваімі выдатнікамі: восем залатых медалёў атрымалі вучні Докшыцкай СШ № 1, па адным медалі ў Сітцаўскай і Тумілавіцкай школах. 287 вучняў скончылі ў гэтым годзе 9 класаў. Сярод іх адзінаццаць уладальнікаў пасведчанняў з адзнакай. Сорак пяць вучняў атрымалі пахвальныя лісты за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

***

Бягомльская школа. Актавая зала. Выпускны баль. На ганаровых месцах 28 святочна прыбраных дзяўчынак і хлопцаў. Прыгожыя ўсе без выключэння — у юнацтве інакш і не бывае. Побач — бацькі, якія хвалююцца, пэўна, больш за сваіх у адзін вечар пасталелых крывінак. Першым слова бярэ дырэктар школы Пётр Гігель. Ён гаворыць выпускнікам пра многае: час, які няўмольна праляцеў, дарогі, якіх безліч, пра тое, што нідзе іх так не будуць чакаць, як на малой радзіме – у Бягомлі. Затым юнакі і дзяўчаты чуюць наказ ад кіраўніка раёна Алега Пінчука, які засяроджвае ўвагу на тым, што ў жыццёвым віры важна не згубіць чалавечых якасцей, не забывацца пра бацькоў, якія далі жыццё і выхавалі, пра настаўнікаў, што шчодра дзяліліся ведамі. Настаяцель храма Усіх Святых у Бягомлі айцец Валерый Цімкоў напрыканцы сваёй прамовы дорыць выпускнікам абразкі з малітвай, чым яшчэ раз нагадвае, што ў любой сітуацыі можна папрасіць парады ў вышэйшага дарадцы. Пранікнёныя і шчырыя словы шлюць сваім дзецям іх класны кіраўнік Галіна Сіўцэвіч і прадстаўнік бацькоў Аляксей Пракопаў. У адказ ужо былыя вучні дзякуюць бацькам і настаўнікам словам і музычнымі віншаваннямі. Яшчэ колькі прыгожых урачыстых момантаў і — выпускнікі стануць абітурыентамі. А першага верасня ў Бягомльскую і іншыя школы раёна прыйдуць першакласнікі і ўсё рушыць па новым крузе.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *