Почему не заживают душевные раны у Владимира Васильевича Козела из деревни Комайск Докшицкого района.

IMG_2172Страшнае і балючае заўсёды хочацца сцерці з памяці. Гады юнацтва і маладосці Уладзіміра Васільевіча Козела сталі глыбокай ранай у жыцці. “Лепей не ўспамінаць,”– з вялікай горыччу кажа ён. Але ўсё ж такі міжволі ўсплываюць абрывістыя карцінкі далёкіх часоў. Юнакоў і дзяўчат бязлітасна вывозілі ў Нямеччыну, якая ўсё больш і больш патрабавала дармавой рабочай сілы. У кагорце такіх палонных у 1943-м годзе аказаўся і Уладзімір Васільевіч, якога разам з іншай моладдзю вёскі Камайск прымусова саслалі на работы. Пешшу, пад дуламі аўтаматаў і пад аховай зграі сабак, пагналі на станцыю Параф’янаў, дзе, як быдла, пагрузілі ў вагоны. Час згубіў свой адлік – і дзесьці праз тры дні даставілі на месца. Юнак спачатку трапіў у шпіталь. Здарылася так, што падчас арышту яго моцна прыціснулі да печы, і хлопец атрымаў апёк спіны, які ніяк не мог загаіцца. Каля месяца спрабавалі лячыць, толькі безвынікова. Аднаго разу нейкі доктар пасля чарговага агляду загадаў выцягнуць яго на сонца. Пасля тыдня такіх працэдур Уладзімір паправіўся. За гэты час моладзь, з якой даставілі і яго, пагналі на работы. Хлопца ж далучылі да групы ўкраінскіх вязняў і накіравалі на шахты, што знаходзіліся каля мястэчка Вызенфельц. Трохі хлеба і баланды. Праца, праца да смяротнай стомы, дзень і ноч – адно цэлае, а час, здаецца, ператварыўся ў бясконцасць. Але зблізіўся з украінскім хлопцам Іванам, які стаў не проста сябрам, а братам. Яны былі адным цэлым, што, напэўна, і дапамагло выцерпець усе здзекі. Вызваленне прынеслі амерыканскія салдаты ў маі 1945 года. Доўгачаканая дарога дадому, а там новыя выпрабаванні: недавер, падазронасць, праверкі, прыніжэнне. Цярпенне і вялікая прага да жыцця, жаданне знайсці родных дапамаглі сабрацца з сіламі, паспрыялі барацьбе за самога сябе. На месцы бацькоўскай сядзібы – папялішча. Дзе родныя – невядома. Знаёмы хлопец падказаў, як знайсці родзічаў і сястру. Прывёў да хаты, у якой яны пасяліліся часова, але там не захацелі пусціць незнаёмца, бо баяліся бандытаў (было гэта ноччу), а хлопца адразу не пазналі. Пасля ўсіх тлумачэнняў Уладзіміра прынялі. Потым была праца на полі. Аднаўленне ўсяго страчанага патрабавала шмат намаганняў. Сваімі рукамі стаўляў хату, было пастаяннае адчуванне голаду, а розная работа ніколі не мела канца. Праз колькі часу жыццёвыя абставіны закінулі на Данбас, у шахты. Мізэрная аплата за невыноснай цяжкасці працу, таму злаўчыўся і ўцёк адтуль. Толькі праз месяц вярнулі назад, але пад зямлю ўжо не адпраўлялі – працаваў на паверхні. Вось такія ўрыўкі з памяці не даюць загаіцца балючым ранам. Але Уладзімір Васільевіч не паддаецца адчаю, бо яму наканавана было прайсці праз гэта і адмераць доўгае жыццё. У кастрычніку ён адзначыць 90-годдзе з дня нараджэння. Абаяльны, маладжавы на выгляд дзядуля яшчэ стараецца не паддавацца няўмольнаму часу, любіць гумар і радуецца ўсяму жывому.

Ірына Несцяронак.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *