В ОАО «Барсучанка» Докшицкого района работают слаженно и оперативно

DSCN0090Лічаныя дні застаюцца да пачатку ўборкі ўраджаю азімага рапсу і збожжавых культур. А пакуль у гаспадарках раёна ідзе корманарыхтоўка. У ААТ “Барсучанка” ў гэтым годзе нарыхтавана 15497 тон кармавых адзінак, што некалькі перавышае мінулагоднія паказчыкі.
— Спадзяёмся забяспечыць жывёлу кармамі поўнасцю, — распавядае галоўны аграном Андрэй Альхімёнак. – 3,5 тысячы тон сенажу ў нас ужо закладзена ў трох траншэях на комплексе “Варганы”, яшчэ адну плануем закласці кукурузным сіласам, дзве траншэі закладзены на ферме “Барсукі”, па адной – на фермах “Грабучае” і “Падомхі”. На фермах “Пералоі”, “Грабучае”, “Лапуты” сянаж захоўваецца ў буртах. Тэхналогія закладкі траншэй не парушаецца, усё робіцца згодна з патрабаваннямі. Самую пільную ўвагу надаём якасці кармоў: выконваем патрабаванні па даўжыні рэзкі травы, яе вільготнасці, правільным трамбаванні і неабходнай тэмпературы ў траншэях.
Сена ў “Барсучанцы” налічваецца пакуль што 500 тон з неабходных 1600. Частка яго завезена насельніцтву: за здадзеных у гаспадарку цялят, механізатарам і аператарам машыннага даення з Барсукоў, Чырвонага Беразіна і часткова з Порплішча – для ўласных кароў.
Шматгадовымі травамі ў гаспадарцы занята плошча 1970 гектараў, кукурузай – 815 гектараў. Андрэй Іосіфавіч адзначае, што найбольшы ўраджай далі травы першага году карыстання – імі засеяна плошча ў 560 гектараў. Шматкампанентнымі травамі, якія спецыяльна для тарфяніку былі закуплены ў ТАА “Віцебскае насенне і травы”, засеялі 90 гектараў асушанага балота “Вецяра”. Праўда, поўнасцю падкарміць травы мінеральнымі ўдабрэннямі не ўдалося, але гэта ўжо, як кажуць, праблема фінансавая.
У працэсе корманарыхтоўкі ў “Барсучанцы” былі задзейнічаны тры касілкі КПР-9, дзве ротарныя касілкі КДН-2,6, тры кормаздрабняльнікі КВК-800, трое граблей ГВР-6, два МАЗы і чатыры ПІМы на адвозцы. Працаваў корманарыхтоўчы атрад, у склад якога ўваходзілі самыя адказныя і надзейныя работнікі, зладжана і аператыўна. А як жа інакш – час такі, што марудзіць нельга. Асабліва вызначыліся ў працы Леанід Жызнеўскі, Дзмітрый Каралёнак, Юрый Шарох (працавалі на кормаздрабняльніках), Юрый Бадун, Ілья Таляронак, Генадзь Баркоўскі (на ГВР-6), Уладзімір Андрыеўскі і Уладзімір Лямец (адвозілі кармы). У бліжэйшы час частка корманарыхтоўчага атрада адправіцца дапамагаць у касьбе КУП “Докшыцкі”, якое аддзячыць “Барсучанцы” за дапамогу пэўнай колькасцю нарыхтаваных кармоў.
— У планах на будучы год у нас – далейшае актыўнае перазалужэнне плошчаў пад шматгадовыя травы: пастараемся зрабіць гэта на 600-700 гектарах, — дадае Андрэй Альхімёнак.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: выпускнік Горацкай сельгасакадэміі, эканаміст па спецыяльнасці, Дзмітрый Каралёнак усё ж такі зрабіў выбар на карысць тэхнікі, якой захапляецца яшчэ са школы, і, адпрацаваўшы першы сезон на корманарыхтоўцы, яшчэ раз правярае гатоўнасць збожжаўборачнага камбайна да жніва.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *