Им палатка — дом родной. Как проводят время в спортивно-оздоровительном лагере «Айвенго» ученики СШ №2 г.Докшицы?

DSCN0078Як распарадзіцца вольным часам летніх канікул? Практычна ўсіх школьнікаў хвалюе гэта праблема. Дваццаць падлеткаў з гарадской школы №2 вырашылі правесці яго ў спартыўна-аздараўленчым лагеры “Айвенга”. На дзевяць дзён юнакі і дзяўчаты 6-9 класаў пакінулі ўтульныя бацькоўскія пакоі і пасяліліся ў палатачным кругласутачным лагеры, які размясціўся ў яблыневым садзе каля школы. Трэці год бавяць свой час у ім падлеткі, большасць з якіх наведвае яго ад моманту заснавання. Начальнік лагера настаўнік фізічнай культуры Генадзь Краўчонак зазначыў, што дзеці прыйшлі сюды, каб набыць вопыт у зносінах, загартавацца і нават пасталець. Падлеткаў аб’ядноўвае спартыўны азарт, які праяўляецца ў розных гульнях: футболе і тэнісе, шашках і шахматах, дартсе і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, іншых настольных гульнях. Цікавымі сталі новыя моладзевыя забавы “мафія” і “чамадан”, якія развіваюць памяць, знаходлівасць, інтэлектуальныя здольнасці. Практычна ўсе “айвенгаўцы” падчас вучобы займаюцца ў гуртках па турызме і футболе, захапляюцца лёгкай атлетыкай. Дзень насычаны не толькі спартыўнымі баталіямі, але і разнастайнымі мерапрыемствамі: праведзены конкурс малюнкаў на асфальце “Я сябрую са спортам”, віктарына-тэст, прымеркаваная да 70-годдзя Вялікай Перамогі, выстава работ з прыроднага матэрыялу, які быў сабраны падчас паходу ў лес. Надоўга запомняць дзеці, з якім азартам шукалі схаваны ў лесе салодкі клад. Зрабіць жыццё цікавым, змястоўным і разнастайным – такую задачу ставілі настаўнікі-выхавацелі, якія, знаходзячыся так блізка з дзецьмі, таксама многаму навучыліся ў сваіх падапечных, атрымалі зарад энергіі і юнацкай няўрымслівасці. Была тут і ціхая гадзіна, калі можна пабыць сам-насам, адпачыць ад шуму і мітусні, пачытаць кніжку, паглядзець цікавую перадачу ці добры фільм.
У лагеры наладжана чатырохразовае харчаванне. Па словах дзяцей, повар Марына Карпека гатуе такія смачныя стравы, што ўжо толькі ад іх паху прыемна казыча ў носе. Меню разнастайнае і збалансаванае, насычанае сокамі і фруктамі. Дзеці ласуюцца апельсінамі і бананамі, грушамі і персікамі. Хлопцам і дзяўчатам утульна, весела і цікава. Падчас такога адпачынку моладзь вучыцца спрачацца і сябраваць, выпрацоўвае характар. І хоць надвор’е гэтымі днямі не вельмі цешыла, падлеткі пакідалі сваё часовае прыстанішча са шкадаваннем, але з надзеяй, што праз год “Айвенга” зноў аб’яднае іх.

Ірына НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *