Докшичане посетили храм Святой Троицы в Долгинове

долгиново и балви 007У тым, што наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН рэгулярна бываюць у розных цікавых месцах нашай краіны, вялікая заслуга кіраўніка аддзялення Алены Сарокінай. Алена Міхайлаўна сама актыўная вандроўніца і ў людзях стараецца ажывіць гэту цікаўнасць і цягу да падарожжаў. Вось і за два месяцы лета аддзяленне з’ездзіла ў дзве паездкі, кожную з якіх можна аб’яднаць пад агульны загаловак “Дарога да святыні”.
У чэрвені маршрут дакшычанак скіраваў у Вілейскі раён. Напачатку яны пабывалі ў храме Святой Троіцы ў вёсцы Далгінава, які пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя. Жанчынам расказалі пра гісторыю храма, быў таксама адслужаны малебен для вандроўнікаў.
Наступнай стала вёска Заброддзе гэтага ж раёна. Менавіта ў гэтай мясцовасці жывуць і адраджаюць памяць пра воінаў Першай сусветнай вайны член Саюза мастакоў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Барыс Цітовіч разам з жонкай Валянцінай. Іх намаганнямі і не без дапамогі мясцовых жыхароў і прадпрыемстваў на ўскрайку Заброддзя ў памяць пра загінулых у той вайне ўзведзены драўляная капліца і званіца ў гонар ахоўнікаў воінства князёў Барыса і Глеба. Побач з ёй заложаны парк. Першыя дрэвы ў ім разам з Барысам Цітовічам пасадзілі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч. У капліцы месціцца музейная экспазіцыя, якая прысвечана Першай сусветнай вайне. У лесе побач з вёскай прыведзены ў парадак лазарэтныя могілкі.
Ёсць у Заброддзі і шэраг іншых цікавых аб’ектаў. Напрыклад, музей “Дом мастака”, музей рэтра-аўтамабіляў і іншае.
Натхнёныя паездкай, наведвальніцы аддзялення вырашылі доўга не чакаць наступнай і ўжо праз месяц выехалі па новым маршруце. На гэты раз у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр, які знаходзіцца ў Навагрудскім раёне на Гродзеншчыне. Гэта адзін са старажытнейшых манастыроў Беларусі. Першае ўзгаданне датуецца 1225 годам. Яго заснаваў сын літоўскага князя Елісей разам з Прападобным Лаўрэнціем Чудным. У 1250 годзе Елісей быў забіты беснаватым вучнем, які потым вылечыўся, дакрануўшыся да яго мошчаў. Мошчы Елісея былі праслаўлены цудатворнымі. У ХІІІ стагоддзі манастыр стаў цэнтрам летапісання. Менавіта там каля 1329 года было напісана “Лаўрышаўскае Евангелле”, якое захавалася да сённяшняга часу. Каля 1530 года манастыр быў спустошаны. Аднак мошчы Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага і манастырскія каштоўнасці былі схаваны і дагэтуль не знойдзены. Вось ужо пяць стагоддзяў мошчы знаходзяцца ў зямлі. У 1997 годзе пачалося будаўніцтва царквы-помніка на месцы манастыра. У канцы 1998 года храм быў асвечаны ў гонар прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. На тэрыторыі манастыра ёсць купель, дом міласэрнасці, паклонны крыж, алея праваслаўных святынь і іншае. Усё гэта нашы землякі ўбачылі на свае вочы. І, па прызнанні многіх, адчулі неверагодную Божую ласку.

Пэўна гэта не апошняя паездка аддзялення, бо аднойчы скрочыўшы на падарожную сцежку, з яе цяжка саступіць.

НА ЗДЫМКУ: дакшычанкі ў храме Святой Тройцы ў Далгінаве.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *