Сотрудники уголовного розыска Докшицкого РОВД напоминают как правильно организовать свой поход в лес

gribnikКожны год з надыходам летняга грыбнога-ягаднага сезона прыхільнікі гэтых дароў прыроды з кашамі, вёдрамі накіроўваюцца ў лес. Тыя, хто працуе, робяць гэта ў выхадныя дні, астатнія могуць збіраць лясныя дары хоць кожны дзень. За выключэннем толькі тых перыядаў, калі ў сувязі з усталяваннем сухога гарачага надвор’я ўстанаўліваецца забарона на наведванне лесу. Вось і зараз, з 6 жніўня, паяўляцца ў лясах не дазваляецца, бо ў іншым выпадку можна атрымаць вялікі штраф. Пра гэта таксама не трэба забывацца.
Але мэта дадзенага артыкула будзе крыху іншая. Усе, хто накіроўваецца ў лес, павінны памятаць, што там можна заблудзіцца. Асабліва нявопытныя, а то і проста рассеяныя грыбнікі, пажылыя людзі могуць заблытацца і не выйсці на дарогу, па якой трэба вяртацца дадому. Такія здарэнні з наведвальнікамі лясоў адбываюцца штогод.
– Вось і сёлета прыйшлося ўжо шукаць двух чалавек, што заблудзіліся ў лесе, – кажа старшы ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Аляксандр Машко. – 3 жніўня пайшла з дому жыхарка агр. Параф’янава, інвалід другой групы, і назад не вярнулася. Быў адразу арганізаваны пошук, але ён не ўвянчаўся поспехам. І толькі праз два дні нам прыйшло паведамленне ад старэйшыны вёскі Пасекі Галіны Пруднікавай аб тым, што ў лесе яна сустрэла жанчыну, якая, па ўсім бачна, заблудзілася (з-за сваёй хваробы яна не магла размаўляць). Так пры дапамозе нераўнадушнай грамадзянкі ўдалося адшукаць чалавека. Мы вельмі ўдзячны такім людзям, рады кожнай інфармацыі і стараемся адзначыць іх высакародныя ўчынкі.
У гэтым сэнсе асабліва каштоўнымі бываюць паведамленні грамадзян у міліцыю пра паяўленне ў населеных пунктах незнаёмых асоб, якія прапаноўваюць мясцовым жыхарам штосьці купіць або звяртаюцца з просьбамі зайсці ў хату папіць вады ці іншымі. Часта незнаёмцамі бываюць асобы цыганскай нацыянальнасці. І тады – чакай бяды! Могуць абкрасці чалавека і бясследна знікнуць (нярэдка яны прыязджаюць на аўтамабілях). Як гэта здарылася ў вёсцы Платэчна, калі ў адной з жыхарак прыезджыя незнаёмцы ўкралі значную суму грошай. Калі інфармацыя ад грамадзян пра паяўленне такіх няпрошаных гасцей паступіць своечасова, злодзеі будуць затрыманы.
Але вернемся да першага пытання – аматараў лясных паходаў. Аляксандр Машко расказаў і пра другі выпадак, які адбыўся на тэрыторыі Бярэзінскага сельсавета, калі ў ліпені пайшла па ягады бабуля 1926 года нараджэння і з лесу не вярнулася. Вёўся пошук супрацоўнікамі міліцыі, РАНС, і толькі на другія суткі работнікі Бярэзінскага лясніцтва знайшлі яе ў лесе – ляжачую, знямоглую, у якой нават размаўляць не было сілы. З лесу ратавальнікі вынеслі яе на руках. Яшчэ крыху і чалавек мог бы памерці! Вось да чаго прыводзяць іншы раз нашы бяздумныя паводзіны. Чалавеку 89 год, а ён па ягадах ходзіць! Тады ратавальнікі спыталі ў жанчыны, ці пойдзе яна больш у лес. “Ні нагой туды, нізавошта!” – быў адказ. А праз пару дзён зноў пайшла па ягады…Так, нярэдка, на жаль, мы не даражым не толькі сваім здароўем, але і жыццём.
– У асноўным адшукаць грыбнікоў і зборшчыкаў ягад даволі проста, – заўважае Аляксандр, – аднак бываюць і трагічныя выпадкі, калі чалавека не ўдаецца знайсці на працягу некалькіх год. Як жа пазбегнуць непрыемнасці, а ў іншых выпадках і няшчасця?
Вось асноўныя рэкамендацыі, якія даюць супрацоўнікі крымінальнага вышуку тым, хто вырашыў накіравацца ў лес.
Перш за ўсё, трэба паведаміць блізкім і родным, куды вы адпраўляецеся і з кім, калі вернецеся. Не трэба забывацца пра тое, што паход у лес – гэта дастаткова інтэнсіўная фізічная нагрузка. Таму з сабой трэба ўзяць неабходныя медыкаменты, а таксама запас вады, ежы. Не забудзьце мабільны тэлефон, папярэдне зарадзіце яго. Нават калі на рахунку закончыліся грошы, вы ўсё роўна пры неабходнасці зможаце выклікаць экстранныя службы. Вазьміце з сабой набор запалак у воданепранікальнай упакоўцы, дажджавік, невялікі запас грошай. Адзенне трэба выбіраць яркага колеру. Камуфляжная форма, выцвілыя курткі ўскладняюць пошук, паколькі зліваюцца з дрэвамі.
І вось сярод вялікага багацця грыбоў і ягад вы раптам з жахам зразумелі, што… заблудзіліся. Не панікуйце! Супакойцеся і нікуды не спяшайцеся з таго месца, дзе знаходзіцеся, бо яно якраз і бліжэй да таго, адкуль вы сюды прыйшлі. Прыслухайцеся: мабыць пачуеце, як непадалёку грыбнікі пераклікаюцца; можа поезд удалечыні пачуеце, аўтамабіль ці маторную лодку. Запомніце, адкуль чуліся гукі. Пагукайце самі, але не спадзявайцеся, што тыя, хто вас пачуе, адразу адгукнуцца: людзям патрабуецца час, каб упэўніцца, што вам патрэбна дапамога.
Каб выбраць напрамак руху, трэба ўспомніць найбольш падрабязнасцей свайго папярэдняга шляху, паспрабаваць адшукаць свае сляды. Ідучы на пошукі знаёмага месца ў найбольш верагодным накірунку, абавязкова пакідайце за сабой меткі, напрыклад заломы галінак. Гэта дапаможа вам пры неабходнасці вярнуцца назад у зыходную кропку. Упэўніўшыся ў памылцы, не кідайцеся куды папала, абавязкова вярніцеся ў зыходную кропку па сваіх метках і там, добра падумаўшы, выберыце іншы накірунак. Шукайце любую сцяжынку, прасеку або лінію электраперадач. Калі знайшлі арыенцір – трымайцеся яго і нікуды не зварочвайце. Не забывайце пра ўзвышшы і высокія дрэвы, адтуль не толькі далей відаць, але і лепш чуваць як вам, так і вас.
Людзям пенсійнага ўзросту наогул трэба ўстрымацца ад адзіночных паходаў у лес па прычыне свайго фізічнага і псіхічнага стану. Калі ж здарыцца, што чалавек у назначаны час не вярнуўся дадому, то родным, канечне ж, трэба не адкладваючы, звярнуцца па дапамогу ў міліцыю.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *