Красота возле подъездов и во дворах в Докшицах и Крулевщине создана руками жильцов

Парадак у пад’ездзе…

Жыльцы пад’езда (злева направа) Вольга Пахомава і Таццяна Кавалёнак са сваёй дачушкай Ксеніяй. Фота А. Варанковіча.

Жыльцы пад’езда (злева направа) Вольга Пахомава і Таццяна Кавалёнак са сваёй дачушкай Ксеніяй.
Фота А. Варанковіча.

Сёлетняе лета для жыльцоў кватэр з першай па шостую дома № 4/1, што па вул. Палявога ў Крулеўшчыне запомніцца агульнай добрай справай. Тамара і Веньямін Юхневічы, Таццяна і Аляксандр Гулевы, Віталь Перавозчыкаў, Вольга Пахомава, Таццяна і Сяргей Кавалёнкі, Фаіна Стэмпель сабралі грошы і зрабілі ў сваім пад’ездзе рамонт: пафарбавалі сцены і падлогу, прыладзілі над уваходнымі дзвярамі казырок, акно ўпрыгожылі цюлем, паставілі вазоны – і зараз любуюцца справай сваіх рук. У пад’ездзе стала чыста, светла і прыгожа. Частку работ выконвалі самі, а з некаторымі дапамагалі спраўляцца рабочыя Крулеўшчынскага ўчастка Сяргей Парцянка, Марына Рыбак, Алена Палачаніна. Чысціня і прыгажосць пануюць і ў агульным двары. Увагу прыцягвае драўляная кампазіцыя “Дзед Мазай і зайцы”. Пытаемся, хто яе зрабіў?

– Гэта ўсё наш Сярожка, яго залатыя рукі, – эмацыянальна расказвае Вольга Пахомава. – Кавалёнкі купілі ў нашым пад’ездзе кватэру гадоў пяць таму, і зараз мы гэтым вельмі задаволены. Сяргей працуе саставіцелем цягнікоў, а ў вольны час яго рукі не знаходзяцца без справы. Ён і будаўнік, і рамонтнік, і з жалезам справу мае. Паглядзіце які фігурысты казырок ля пад’езда зрабіў! Сам дрот гнуў.

Зараз ля свайго ўтульнага пад’езда яго жыльцы часта збіраюцца разам адпачыць і пагутарыць.

… і ў двары

Сёлетнім летам непазнавальна змяніў свой выгляд агульны двор пяціпавярховага дома па вул. Школьнай у Докшыцах. Сваёй чысцінёй ён абавязаны вельмі стараннай работніцы РУП ЖКГ Ірыне Кахановіч, якая займаецца ўборкай, а кветкамі – жыльцам дома. Ініцыятарам упрыгожвання тэрыторыі стала пенсіянерка Зінаіда Гамеза. Дагэтуль яна з мужам кожнае лета адпраўлялася ў вёску, дзе садзілі агарод і, канечне, кветкі. Сёлетнюю вясну жанчына ўжо сустракала адна, таму і засталася ў горадзе. І адразу ўзялася шчыраваць на тых кавалачках зямлі, якія пуставалі дагэтуль ля шматпавярховіка.

З.П. Гамеза на адной са сваіх клумбаў.

З.П. Гамеза на адной са сваіх клумбаў.

Перш рашыла стварыць клумбу ля агульнай лаўкі, на якой, звычайна, збіраліся жыльцы, каб лузгаць семкі. Камунальнікі справу Зінаіды Пятроўны падтрымалі і прывезлі ёй добрай зямлі. Разраўноўваць дапамагала Марыя Захарэвіч, а кветкі для пасадкі сталі прыносіць усе, калі ўбачылі, як стараюцца жанчыны. Потым іх ініцыятыву падтрымалі Галіна Корсун, Святлана Сіўко, Святлана Качан, Валянціна Слабыш, і ў выніку ля кожнага пад’езда стала чыста і прыгожа. У баку ад гэтай добрай агульнай справы засталіся толькі жыльцы чацвёртага пад’езда, сярод якіх так і не знайшлося ніводнага нераўнадушнага чалавека.
У Зінаіды ж Гамеза і яе памочнікаў на будучы год яшчэ большыя планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. “Каб толькі было здароўе, – гавораць жанчыны, – то да нас у двор будуць хадзіць, як на экскурсію”.
– Сярод пажылых намнога менш парушальнікаў санітарных нормаў, чаго нельга сказаць пра маладых насельнікаў кааператыўных дамоў, – зазначае начальнік участка па эксплуатацыі і рамонце жыллёвага фонду РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Тамара Цынковіч, – людзі старэйшага ўзросту захавалі пачуццё адказнасці, павагі да агульнай уласнасці і чужой працы. Вельмі часта становяцца ініцыятарамі рамонту пад’ездаў, добраўпарадкавання тэрыторый, з энтузіязмам выходзяць на суботнікі.
Хачу зазначыць, што прыклад рамонту пад’езда за свае сродкі, як гэта зрабілі ў Крулеўшчыне – не адзіны. Такіх адрамантаваных пад’ездаў ужо налічваецца 23. Дарэчы, у названым пяціпавярховіку ён таксама вельмі патрэбны, але змовы паміж жыльцамі, на жаль, пакуль няма.
Тэкст і фота
Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *