В Докшицах предлагают новую продукцию

Докшыцкі лаваш

DSC00125Армянскі прэсны хлеб з мукі і вады пад назвай лаваш ужо даўно палюбілі беларусы. Калі закруціць у лаваш хоць пару з тых прадуктаў, што заўсёды ёсць у халадзільніку ў любой гаспадыні (сыр, каўбасу, капусту, агурок, варанае яйка і іншае), можна прыгатаваць на хуткую руку смачны і карысны сняданак. Менавіта таму лаваш, як вядома, не залежваецца на прылаўках крам. Сёлета, у адпаведнасці з планам мадэрнізацыі вытворчасці, да выпуску гэтага віду прадукцыі прыступіў Докшыцкі хлебазавод.

На зманціраванай лініі па выпечцы лаваша працуюць маладыя пекары Таццяна Яцкоўская і Алена Васількова (на здымку). Усе аперацыі выконваюць машыны: месяць цеста, дзеляць яго на кавалкі, раскатваюць, але і без чалавечых рук не абысціся. Напрыклад, каб цеста атрымалася такой таўшчыні, як патрабуе армянскі нацыянальны рэцэпт, дзяўчаты пасля машыны расцягваюць яго яшчэ на спецыяльнай падушцы. Так рабіць параілі ім хлебапёкі-армяне, у якіх завадчане вучыліся пячы лаваш. Дарэчы, мука выкарыстоўваецца Полацкай вытворчасці і спецыялісты-тэхнолагі сцвярджаюць, што яна самая лепшая па клейкавіне і белізне.

Але вось бліны гатовы і іх хуценька закідваюць у электрапечку. Дзве хвіліны – і лаваш гатовы. Яго сартуюць, а затым фасуюць па фірменных пакетах.
Смак докшыцкага лаваша ўжо ведаюць у сталіцы, куды ідзе 90 працэнтаў выпечкі (выпушчана 3 тоны на 89 мільёнаў рублёў), а таксама ў Полацку, Мядзелі, Новалукомлі.
Прадпрыемства з кожным годам нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, абнаўляе асартымент. Сёлета за 8 месяцаў выпушчана прадукцыі на 20032 мільёна рублёў. Рост да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 110,9 працэнта.

На сённяшні дзень засвоены выпуск 36 відаў хлебабулачных вырабаў і 20 – кандытарскіх. У шырокім асартыменце прадстаўлены хлеб (пшанічна-аржаны, пшанічны, чарэневы, фармавы, тоставы, у тым ліку дыетычны і дыябетычны), а таксама булкі, пышкі, багеты, хот-догі, халы, пернікі, бісквіт, кексы, тарталеткі, замарожанае слоенае цеста. Прадукцыя мае высокія спажывецкія якасці, прываблівы знешні выгляд, у тым ліку сучасную ўпакоўку. У суткі выпускаецца 6-7 тон хлебабулачных вырабаў і 200 кілаграмаў – кандытарскіх. У хуткім часе докшыцкія хлебапёкі плануюць парадаваць сваіх пакупнікоў яшчэ двума новымі відамі хлеба.

Тэкст і фота
Тамары СТАДНЮК.

***

Прапануе “Бытавік”

IMG_5986У параўнанні з мінулым годам удзельная вага бытавых паслуг КУПБА “Бытавік”, якія аказваюцца сельскаму насельніцтву, у падліку на адзін КПП узрасла і склала 38,7 супраць 35,5 працэнтаў. Тэмп росту да мінулага году склаў амаль 118 працэнтаў.
Гэтых паказчыкаў удалося дасягнуць дзякуючы ў тым ліку і пашырэнню пераліку паслуг. Напрыклад, раней сталярны цэх бытавіка займаўся толькі выпускам рытуальнай прадукцыі. У мінулым годзе там былі адкрыты два новыя працоўныя месцы і вытворчасць стала арыентавацца на штодзённыя побытавыя запатрабаванні насельніцтва. Набыць прадукцыю, а гэта зэдлікі, дзіцячыя лаўкі і крэсліцы, лаўкі садовыя і для гаспадарчых пабудоў, кармушкі для жывёлы, абшыўка для калодзежа, штакет, швабры, апрацоўчыя дошкі і шэраг іншай можна непасрэдна ў бытавіку, на КПП у сельскіх населеных пунктах. Таксама кожную пятніцу каля будынка арганізацыі ў райцэнтры арганізаваны гандаль уласнай прадукцыяй. Ва ўсіх гэтых месцах можна таксама зрабіць замову на выраб драўлянай рэчы па памерах заказчыка.
Добра зарэкамендавала сябе ў жыхароў нашага і суседніх раёнаў прадукцыя швейнага цэха бытоўкі. Гэта пасцельная бялізна, ручнікі, хусткі, насоўкі, коўдры, падушкі, спецвопратка. Тканіна – баранавіцкая. Для спецвопраткі – магілёўская. Пледы шыюцца з мяккага варсістага велсофту і па якасці могуць канкурыраваць на рынку. Кошт даступны, як, дарэчы, і ўсёй прадукцыі. Любы швейны выраб можна заказаць як стандартны, так і па памеры заказчыка.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Раіса Спічонак і Ванда Пяцько – менавіта гэты зладжаны дуэт задавальняе попыт насельніцтва ў швейнай прадукцыі “Бытавіка”.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *