Басейн. Міфы і рэальнасць

IMG_7114Вось ужо другі год Докшыцы ўпрыгожвае сучасны будынак водна-аздараўленчага цэнтра, наведвальнікамі якога з’яўляюцца не толькі жыхары нашага раёна. Галоўны гонар установы – басейн – аснашчаны сучасным тэхналагічным комплексам ачысткі і падагрэву вады, але многія жыхары з недаверам адносяцца да яго работы. Міфы і рэальнасць пракаментаваў галоўны інжынер водна-аздараўленчага цэнтра Дзмітрый Гутар.

Міф першы — для ачысткі вады выкарыстоўваецца хлор:

– Павінен засмуціць аматараў гэтага хімічнага элемента, бо ў нас для такой працэдуры ідзе гіпахларыд натрыю. Гэта неарганічнае злучэнне, якое атрымліваецца шляхам электрахімічнай рэакцыі са звычайнай паваранай солі. Яго ўмераны кошт, эфектыўнасць у адносінах да водарасцяў і бактэрый, а таксама бясшкоднасць для чалавека робяць прадукт найбольш прыгодным для апрацоўкі вады як у басейнах, так і для абеззаражвання водаправоднай вады. Падача злучэння ажыццяўляецца з дапамогай нямецкай аўтаматычнай станцыі Bayrol Analyt-3.

Міф другі — вада ў чашы басейна не вельмі чыстая:

– Справа ў тым, што ўся вада пастаянна цыркулюе пры дапамозе помпаў праз два пясчаныя фільтры. Аб’ём кожнага складае 2 кубічныя метры. Фільтры прамываюцца штодзень. Таксама для абеззаражвання вады выкарыстоўваецца ўльтрафіялетавая ўстаноўка, аснова якой – прыроднае дзеянне сонечных прамянёў, таму такая дэзінфекцыя з’яўляецца прыродным працэсам. Пад уздзеяннем промняў мікраарганізмы, якія могуць нанесці шкоду, знішчаюцца. У працэсе эксплуатацыі і прамыўкі фільтраў, частка вады сыходзіць з чашы, але пастаянна даліваецца з водаправоднай сістэмы да патрэбнага ўзроўню. Кожны месяц у РЦГіЭ здаюцца пробы вады для аналізу.

Міф трэці — тэмпература паветра і вады ў басейне не дацягвае да ўзроўню Адрыятычнага ўзбярэжжа:

– Тэмпература вады ў басейне трымаецца на ўзроўні 28,5˚ С, а тэмпература паветра – 29˚ С. Але чым больш людзей у чашы, тым вышэй градус вады! Так што, паважаныя наведвальнікі цэнтра, усё залежыць ад вас.

Хочацца звярнуць увагу і на тое, што ў басейне знаходзяцца дзве ўстаноўкі для верхняга масажу (душ з моцным напорам вады), а таксама ўстаноўка для падводнага масажу. Водная тэрапія (гідратэрапія) – даўно прызнаны метад амаладжэння арганізма і павышэння яго імунітэту. Курс лячэння гідрамасажам садзейнічае рэгенерацыі арганізма, змяншае мышачнае напружванне, ліквідуе цэлюліт, паскарае пахудзенне, а таксама паляпшае кровазварот, аказваючы пры гэтым паслабляючае і асвяжаючае дзеянне на арганізм чалавека.
Акрамя гэтага, у водна-аздараўленчым цэнтры можна пагрэцца ў саўне. Сухое паветра аказвае выдатны ўплыў на арганізм і стан чалавека. Арамат сасновай смалы падымае агульны тонус і дазваляе вылечваць многія віды хвароб.

Ну, а самае галоўнае – гэта танны кошт. Адно наведванне басейна вам абыдзецца ў 30 тысяч рублёў, а пенсіянерам яшчэ менш. Калі ўлічыць, што ў гэты кошт уваходзіць двухразовае прыняцце душа, карыстанне басейнам і воднымі масажорамі, то варта задумацца: а можа лепш прапусціць чарговую “мыльную оперу” і наведаць басейн, пры гэтым атрымаць порцыю аздараўлення ў гармоніі з адпачынкам.

Запісала
Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *