Коллективу пожарно-аварийной спасательной части №2 г.п. Бегомль повезло с условиями труда

Байцы ПАВЧ № 2 г.п. Бягомль з начальнікам А. Камінскім.

Байцы ПАВЧ № 2 г.п. Бягомль з начальнікам А. Камінскім.

Пра работу пажарных раённая газета расказвала неаднаразова. Праца выратавальнікаў складаецца не толькі з ліквідацыі пажараў, наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Важны напрамак дзейнасці – прафілактыка ўзнікнення пажараў. Для гэтага праводзяцца інструктажы для работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў, трэнінгі са школьнікамі, акцыі і конкурсы, адпрацоўваюцца планы эвакуацыі на выпадак пажаранебяспечнага становішча. 

Напэўна, усе пагодзяцца з тым, што вялікае значэнне для любога работніка маюць умовы працы. Пашанцавала ў гэтым плане калектыву пажарна-аварыйнай выратавальнай часці №2 г.п. Бягомль. Пасля капітальнага рамонту будынка, які быў узведзены яшчэ ў 1957 годзе, пажарныя адчуваюць сябе тут як дома. Чатыры гады яны рабілі ў ім рамонт. Спачатку замянілі вокны, затым атынкавалі сцены, паклалі плітку, залілі падмурак, адрамантавалі фасад, навялі парадак на тэрыторыі, адрамантавалі гаражы і лазню. Карацей кажучы, стварылі для сябе максімальны камфорт. У памяшканні ёсць душ з гарачай вадой, пакой для прыёму ежы, а таксама зала для спартыўных трэніровак, дзе работнікі знаходзяць час згуляць у настольны тэніс, нарасціць мускулатуру альбо адпрацаваць пэўныя баксёрскія прыёмы.

– Яшчэ некалькі год таму пра такія ўмовы мы нават і не марылі, – расказвае начальнік ПАВЧ № 2 Алег Камінскі. – Канечне, складана было без спецыяльных навыкаў справіцца з той работай, якой ніколі не займаліся. Але нічога, навучыліся. Зараз любы з нас сам можа дзверы ўставіць і зрабіць дома рамонт.

Часты наведвальнік спартыўнай залы — вадзіцель Аляксандр Макараў.

Часты наведвальнік спартыўнай залы — вадзіцель Аляксандр Макараў.

Калектывам Алег Камінскі кіруе з 2011 года, агульны ж стаж службы складае 17 год. Пасля школы марыў стаць мараком – любіў рамантыку. Мару ажыццявіць не ўдалося, паступіў тады хлопец у авіяцыйны каледж, пасля заканчэння якога і прыйшоў служыць у выратавальную часць. За плячыма Алега Іванавіча – завочная вучоба ў камандна-інжынерным інстытуце.

– У нашым калектыве сёння працуе 16 чалавек, усе адказныя і надзейныя. Матэрыяльна-тэхнічная база ў апошнія гады папоўнілася новым 5-тонным МАЗам, і зараз тут налічваюцца 4 адзінкі тэхнікі. Ёсць гідраўлічнае абсталяванне, без якога не абысціся, асабліва пры дарожна-транспартных здарэннях. Успамінаю той час, калі рамантавалася бягомльская аўтамагістраль. Тады частымі былі аварыі на ёй. Прыязджалі на выклік без патрэбных інструментаў і думалі, як дастаць заціснутага ў машыне чалавека. Відавочцы падказвалі: “Бярыце гідраўліку, як па тэлевізары паказваюць…” А яе не было.

Для поўнай камплектацыі нам яшчэ неабходна абсталяванне для выратавання людзей на вадзе, бо ўжо сутыкаліся з такімі выпадкамі. Даводзілася прымяняць лесвіцу. А яшчэ спадзяёмся, што атрымаем у наступным годзе МАЗ, які адразу можа перавозіць 10 тон вады. Нядаўна нам гэта паабяцаў намеснік міністра МНС РБ Аляксандр Худалееў, калі быў у часці.

За пэўную плату выратавальнікі-пажарныя аказваюць некаторыя віды паслуг. Ліквідаваць непрыдатныя збудаванні, зрэзаць аварыйныя дрэвы, праверыць газавыя вентыляцыйныя каналы – вам дапамогуць людзі гэтай прафесіі.

Тэлефон службы просты і запамінальны – 101.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *