На молочно-товарной ферме «Марговица» СХФ «Бегомльский» Докшицкого района работает сплочённый коллектив

Изображение 109Наведаўшы малочна-таварную ферму “Маргавіца” СГФ “Бягомльскі”, можна, нават не сустрэўшы нікога з яе працаўнікоў, з упэўненасцю сказаць: тут згуртаваны прафесійны калектыў, дзе кожны сумленна выконвае свае абавязкі і не з’яўляецца ў жывёлагадоўлі чалавекам выпадковым.

Галоўны заатэхнік Алена Бобрык, выпускніца Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, якая на гэтай пасадзе ў гаспадарцы ўжо 8 гадоў, пацвердзіла: сапраўды, працаўнікі фермы – людзі надзейныя і адказныя, таму і вынікі работы радуюць.

– Кармоў у гэтым годзе нарыхтавана больш чым дастаткова, – распавядае Алена Фёдараўна. – Сенажу заклалі 5310 тон, сіласу – 3555 тон і 192 тоны сена. На ўмоўную жывёліну нарыхтавана 33,5 цэнтнера кармавых адзінак. Гэтымі паказчыкамі мы цалкам задаволены. У бягучым годзе кукурузны сілас прадавалі ДП “АграБераснёўка”, думаем, што і ў наступным будзем мець магчымасць падзяліцца кармамі, безумоўна, з пэўнай выгадай для сябе.

Галоўны заатэхнік адзначыла, што і па іншых паказчыках гаспадарка “плюсуе” ў параўнанні з леташнімі. Напрыклад, сярэдні надой на карову з пачатку года складае 3483 кілаграмы (3359 кг у 2014 годзе). Рэалізавана малака за 9 месяцаў бягучага года 812,7 тоны (783,7 тоны – мінулагодні паказчык), з гэтай колькасці 43,8 працэнта – гатункам “экстра”, вышэйшым гатункам – 39 працэнтаў.

– Да стойлавага перыяду мы падрыхтаваліся належным чынам, – задаволены вынікамі працы загадчык фермы “Маргавіца” Юрый Гурло. – Транспарцёры ў рабочым стане, вароты адрамантаваны, праведзены таксама рамонт і ўцяпленне індывідуальных домікаў для цялят-малочнікаў. Каровы стаяць на плітцы, і мы вельмі ўважліва агледзелі і адрамантавалі пакрыццё, каб не было ямак, з-за якіх жывёла можа атрымаць траўмы.

А ведаеце, як на ферме эканомяць электраэнергію? Вада для мыцця малочнага абсталявання, падмыўкі каровак награваецца дрывамі ў цаглянай печцы, у якую ўманціраваны вялікі, 400-літровы кацёл, звараны з двух жалезных карытаў. Як гаворыцца, усё геніяльнае – проста.

Кармы ў “Маргавіцы” (кукурузны сілас і сянаж – 50 на 50 працэнтаў) размяркоўваюцца кормараздатчыкам, чым работнікі фермы вельмі задаволены: акуратна і вельмі эканоміць час. У Глыбокім закупляецца камбікорм, які выдаецца жывёле па наступнай “формуле”: 300 грамаў на надоены літр плюс 1 кілаграм на галаву. Гэта значыць, калі карова, напрыклад, дае 10 літраў малака, то на працягу дня яна атрымлівае 4 кілаграмы камбікорму.

На ферме ўтрымліваецца 159 кароў. Працуюць 4 аператары машыннага даення (3 – асноўныя і 1 – падменны), 3 даглядчыкі (з іх 1 таксама падменны) і начны вартаўнік. Гэтых людзей можна назваць адной сям’ёй і ў пераносным сэнсе (шчырыя, сяброўскія адносіны, узаемавыручка і падтрымка), і ў прамым: разам з загадчыкам Юрыем Гурло працуе даглядчыцай яго жонка Юлія, аператарам машыннага даення – сястра Ганна Батура, а яе муж Віталь шчыруе на кормараздатчыку. Прыемныя ўражанні ад наведвання фермы, дагледжаная жывёла і добрыя паказчыкі – вось такі вынік работы зладжанага сямейна-сяброўскага калектыву.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: загадчык фермы Юрый Гурло і галоўны заатэхнік СГФ “Бягомльскі” Алена Бобрык абмяркоўваюць бягучыя справы.
Фота В.Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *