Повторный день сельсовета состоялся в агрогородке Крулевщина Докшицкого района

IMG_9204Апошні дзень сельсавета, што праходзіў у Тумілавічах, завяршыў першы этап дадзенага мерапрыемства, якое сёлета мела новы фармат. Яму для знаёмства з  навядзеннем парадку на зямлі былі ўласцівы аб’езды населеных пунктаў. Нездавальняючыя вынікі дзейнасці ў гэтым накірунку Крулеўшчынскага, Сітцаўскага, Тумілавіцкага сельвыканкамаў прымусілі напрыканцы года яшчэ раз звярнуцца да гэтага пытання. Паўторна дзень сельсавета  з адпаведнай павесткай дня адбыўся ў мінулы аўторак у Крулеўшчыне.

– Зямля на тэрыторыі гэтай адміністрацыйнай адзінкі мае самы запушчаны стан у раёне, – зазначыў падчас аб’езду старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук. – І сёння мы павінны ацаніць дзейнасць на ёй не толькі сельвыканкама, але і землеўпарадкавальнай службы, камунальнікаў, замацаваных арганізацый і кантралюючых органаў, такіх як РЦГіЭ, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, участковага інспектара і іншых. Восем месяцаў – тэрмін дастатковы, каб змяніць становішча спраў і навесці патрэбны парадак у той параўнальна невялікай колькасці населеных пунктаў, якія значацца на тэрыторыі сельсавета.

Найбольш наблізіліся да канчатковай мэты кампаніі па навядзенні парадку на зямлі Кляпіцы і Малажане. Тут знесена 29 самых трухлявых пабудоў і іх рэшткаў. Яшчэ чатырох такіх жа будынін не стала ў Слабадзе і Літоўцах. Праведзены культуртэхнічныя работы на плошчы 11,7 гектара. Зараз гэта зямля абворваецца і будзе ўведзена ў сельскагаспадарчы абарот (на здымку).

Прыкладна такая ж плошча вызвалена ад дзядоўніка і іншага пустазелля ў Валодзьках, Двары Порплішча. Больш прывабна стаў выглядаць і сам аграгарадок пасля таго, як там не стала шасці трухлявых будынкаў. Дарэчы, некаторыя з іх разабралі самі спадчыннікі. Работы па разборцы двух трухлявых хат вядуцца зараз па вул. Пушкіна і Чарняхоўскага. Закапана таксама каля 20 падмуркаў. Ліквідавана 14 несанкцыянаваных сметнікаў, прыбраны старыя платы. На 7 гектарах праведзены культуртэхнічныя работы. Участкі, што стаялі незапатрабаванымі доўгі час па вул. Савецкай, Якуба Коласа, будуць адведзены пад агароды. На вул. 17 верасня, якая ідзе ўздоўж чыгуначнага палатна, на ачышчанай тэрыторыі плануецца разбіць лесапаркавую зону.

Асноўны аб’ём работ выканалі ў аграгарадку – УП ”Віцебскторф” (дырэктар В.В. Няспляк), у Кляпіцах і Малажанях – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (дырэктар Д.С. Каляга), у распараджэнні якіх ёсць патрэбная тэхніка. Актыўны ўдзел у навядзенні парадку прымалі таксама Крулеўшчынскі ўчастак РУП “Дорвадаканал” (начальнік М.М. Плюта), лакаматыўнае дэпо, якім кіруе дэпутат мясцовага і раённага Саветаў У.А. Батура, і іншыя арганізацыі.

Пэўная работа праведзена і са спадчыннікамі. На 1 сакавіка 2015 года налічвалася 240 хат, у якіх ніхто не пражываў (на сённяшні дзень не ўстаноўлены спадчыннікі толькі 3-х будынін). Асноўная маса гэтых сядзіб знаходзілася ў вельмі запушчаным стане. Аб неабходнасці навядзення парадку на іх уласнікам выдадзена 197 прадпісанняў. На самых непаслухмяных складзена 14 пратаколаў. Але гэтай колькасці яўна недастаткова, калі меркаваць па тым, што 39 сядзіб па-ранейшаму не маюць выгляду, які б адпавядаў статусу жылога населенага пункта.

У Леаніда Ралаўца, які жыве ў Крулеўшчыне, у гэтым жа населеным пункце ў спадчыннасці значацца дзве хаты, і ні каля адной з іх няма парадку. Грамадзяніна папярэджвалі, штрафавалі, выклікалі на пасяджэнне пункта аховы грамадскага правапарадку. Пасля гэтага крыху нешта зрабіў, але далёка не тое, што патрэбна.

Два прадпісанні атрымаў Алег Грыцкевіч, спадчына якога знаходзіцца на вул. Гогаля, 3. У адказ ён пісьмова паабяцаў навесці парадак, толькі не зрабіў гэтага і да сённяшняга. Колькі яшчэ сельвыканкам будзе “песціць” падобных нядбайных гаспадароў? Ці не пара прымяніць больш жорсткія меры, правы на якія дадзены мясцовай уладзе законам?
З прыведзеных прыкладаў бачна, што работа па навядзенні парадку на зямлі хоць і са спазненнем, але распачата сельвыканкамам. Толькі, улічваючы дарма змарнаваны час, яе, каб навярстаць упушчанае, трэба фарсіраваць яшчэ больш хуткімі тэмпамі.

У час правядзення прыёму грамадзян старшынёй райвыканкама, яго намеснікамі і іншымі службовымі асобамі, скаргаў і пытанняў, якія б патрабавалі вырашэння, не паступіла. Вяскоўцы толькі выказвалі ўдзячнасць за работу розным службам і асобным людзям. Гэта сведчыць пра тое, што сацыяльная сфера тут працуе, як патрабуецца. У хатах цёпла, дзецям утульна ў школах і садках, ёсць, дзе купіць тавары і паправіць здароўе. Мясцовыя бальніца і школа сёлета, нягледзячы на не зусім спрыяльнае фінансавае становішча, атрымалі сродкі на правядзенне рамонту. За гэты клопат і атрыманы жыццёвы камфорт адпаведнай павінна быць і аддача не толькі з боку службовых асоб, але і кожнага жыхара сельсавета.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *