Эмилия Лишенко из Докшицкого района относится к героическому поколению

DSC00376У Беларусі 7 лістапада па-ранейшаму з’яўляецца чырвонай датай у календары. У суседняй Расіі, якая нарадзіла Лютаўскую рэвалюцыю і яе працяг – Кастрычніцкую, такога няма. Толькі не гэта галоўнае. З пазіцыі сённяшняга дня можна па-рознаму адносіцца да тых палітычных падзей, але несумненна адно – дата 7 лістапада 1917 года – адна з самых важных у гісторыі нашай краіны. Вельмі дарагі кошт мае вопыт будаўніцтва сацыялізму, каб ад яго проста адмахнуцца ці ідэйна закляйміць. Яго галоўныя ўрокі – гэта існаванне грамадства, у якім з пагардай ставіліся да капіталу, у якім адсутнічалі класавыя перагародкі і былі сацыяльная роўнасць і агульнанародная ўласнасць на сродкі вытворчасці. Панавала перавага духоўнага над матэрыяльным, агульнага над уласным. Нездарма той час нарадзіў столькі рамантыкаў і герояў. Чалавек працы меў вялікую пашану, за якую ён быў шчыра ўдзячны краіне.

Сёння тое гераічнае пакаленне знаходзіцца ў даволі паважаным узросце, але толькі загавары з кім – і аказваецца, што яны ўсё гэтак жа жывуць інтарэсамі сваёй працы, няхай і былой.

Эмілія Стэфанаўна какетліва ўсміхнулася, адвяла позірк ад альбома, які падрыхтавалася паказваць карэспандэнту, і выдыхнула:

1957 г.

1957 г.

– У мяне, дачушка, сёлета радасць – вялікая. Заязджаў брыгадзір Юзік Гаранін і сказаў, што сёлета ў саўгасе жыта намалацілі 38 цэнтнераў з гектара! Гэта, канечне, не нашы 40 цэнтнераў, але многа. Я ад такой прыемнай навіны нават заплакала.

Эміліі Стэфанаўне Лішэнка 78 год. Яна былы брыгадзір саўгаса “Сітцы”, які ў 60-70-я гады пад кіраўніцтвам дырэктара Сяргея Гуца быў флагманам сельскагаспадарчай галіны раёна. За працоўныя дасягненні гаспадарка атрымала рэспубліканскі пераходны Чырвоны сцяг, а лепшыя яе працаўнікі былі адзначаны рознымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, Э.С. Лішэнка – узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Для Эміліі гэта быў зорны час. Ці магла падумаць былая дзетдомаўка, што здолее дасягнуць такіх вяршынь? Пэўна, што не, але шчырая праца тады была ў вялікай пашане. У брыгадзе Лішэнка сапраўды атрымлівалі ўраджайнасць збожжа па 40 цэнтнераў з гектара. Дзеля гэтага ўсю зіму шчыравалі па маршруце цялятнік – поле трактарысты Антон Стычнеўскі і Эдуард Ючкавіч. З фермы вывозілі ўвесь гной падчыстую, з балота – тарфакрошку. Трактарысты выконвалі па дзве-тры дзённыя нормы, а брыгадзір, здаецца, і днявала, і начавала на рабоце. Так добра ўгноеная зямля не магла не даць рэкорднага ўраджаю, які вяскоўцы назвалі “Эмілін хлеб”. Вялікая працавітасць, самаадданасць і нават ахвярнасць у адносінах да той справы, якой займаўся чалавек, у той час былі ўласцівы многім. Толькі, гледзячы на Эмілію, крыху нязвыкла было бачыць, як гарадское дзяўчо з разуменнем справы завіхаецца на вёсцы.

Міла – так звалі яе ў сям’і – ленінградка. Маці памерла пры родах, і таму нованароджаную дзяўчынку і старэйшага ўнучка ўзяла гадаваць бабуля.

Было гэта за чатыры гады да вайны. Бацька на фронце быў разведчыкам і загінуў, а бабуля з дзецьмі паспела дабрацца да Беларусі. Перажылі ўсялякае, але ўсе засталіся жывыя. Калі бабуля занемагла, малых забралі ў Бабруйскі дзіцячы дом. Потым Міла ўвесь час марыла вярнуцца ў горад Леніна, але так і не спадобілася.

У Докшыцкі раён прыехала па накіраванні пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума. Прычым яе, як сірату, мэтанакіравана на працу адправілі менавіта ў саўгас, а не калгас, бо ў апошніх тады за працу плацілі не грашыма, а натурплатай: збожжам, бульбай і іншымі прадуктамі. Прыехала Міла з чамаданчыкам, у якім ляжала адна сукенка, у другую – была апранута. Спачатку кватаравала ў сялян, а потым дырэктар выдзеліў ёй хату, у якой жыве і зараз.

Успаміны пра мінуўшчыну ўсхвалявалі Эмілію Стэфанаўну. Яна гартала альбомы, перакладвала чорна-белыя фотаздымкі і, здаецца, уся паглыбілася ў той час, які называла вельмі цяжкім, гаротным, але тут жа дадавала: “А ўсё роўна было добра, весела. Людзей шмат. Мае Вайтовічы і Парэчча – гэта ж адны ўдарнікі. Усіх узнагароджваць можна было за стараннасць і працавітасць.”

Зараз яе ўцеха – гэта дачушка Ларыса, якая “вельмі ўдала выйшла замуж”, унукі, якія не забываць пра бабулю, а яна жыве ад іх прыезду да прыезду.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: былы брыгадзір саўгаса “Сітцы” Э.С. Лішэнка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *