Интервью с директором ОАО «Докшицкий райагросервис» В.М. Васюковичем

IMG_8139Працоўны калектыў перадавой гаспадаркі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” дастойна сустракае сваё прафесійнае свята. Паспяхова выконваюцца планавыя заданні, прадпрыемства нарошчвае вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, умацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу. Дырэктар гаспадаркі В.М. Васюковіч (на здымку злева) на абласным земляробскім свяце атрымаў Дыплом за перамогу ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў”. Кіраўніком ён стаў параўнальна нядаўна. Але і гэтага кароткага часу хапіла, каб зразумець, што былы дырэктар М.І. Шульгат, які рэкамендаваў Васюковіча на гэту пасаду, у выбары не памыліўся.

Каб бліжэй пазнаёміцца з Васілём Міхайлавічам, мы запрасілі яго ў нашу гасцёўню на “Сустрэчу з цікавым чалавекам”.

1. — Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

— Я тутэйшы. Нарадзіўся ў Дзедзіна. Сюды з вёскі Паляне прыйшла замуж мая мама. Зараз бацькоў ужо няма, а хата наша стаіць на прыгожым месцы, бачная здалёку. Дзедзіна, дарэчы, вельмі старадаўняя вёска і заўсёды была шматлюднай, хаця зараз, канечне, пусцее. У пачатковую школу хадзіў дома, а атэстат у 1984 годзе атрымліваў ужо ў Тумілавічах.

У тым, што я вясковы чалавек і буду працаваць на зямлі, не сумняваўся ніколі. Таму вучыцца пайшоў на агранома ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Ужо пазней заканчваў інстытут.

2. — У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?

— Першымі настаўнікамі, канечне, былі бацькі. У мяне яшчэ ногі да педаляў не даставалі, а тата ўжо садзіў у кабіну трактара. Вось тады, пэўна, і прачнуўся ўва мне ген земляроба. Падлеткам разам з бацькам на ўборцы збожжавых працаваў некалькі сезонаў. Ён не толькі далучыў да зямлі і тэхнікі, але і навучыў словы на вецер не кідаць, быць адказным за свае ўчынкі. Маці Ала Уладзіміраўна працавала загадчыцай клуба. Вельмі любіла сваю прафесію і шмат зрабіла ў ёй. Са сваім фальклорным гуртом нават выступала на рэспубліканскім тэлебачанні. Мне перадала свае арганізатарскія здольнасці. Сам я не спяваю і не валодаю ніякім інструментам, больш выступаю як удзячны глядач, але вельмі паважаю людзей мастацтва.

Станаўленнем у прафесіі абавязаны такому кіраўніку, як былы старшыня калгаса “Чырвоны сцяг” Мікалай Лаўцэвіч, з якім давялося працаваць не адзін год. Гэта быў не выпадковы чалавек у сельскай гаспадарцы, адзін з тых, каму яна абавязана і сваім сённяшнім існаваннем. Далейшую шліфоўку праходзіў у Мікалая Шульгата. Такім чынам, мне шанцуе на людзей, якіх смела можна называць настаўнікамі.

3. — Хто яны, вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

— Мая сужэнка Галіна. Летась справілі з ёй сярэбранае вяселле. Галя з Гомельшчыны, а пазнаёміліся з ёй у Мінску, дзе яна вучылася на тэхнолага. Зараз працуе прадаўцом у краме хлебазавода. Нехта мудры сказаў, што бацькі патрэбны дзецям, каб было каго любіць, а дзеці бацькам – каб было кім ганарыцца. Нашы хлопцы нас радуюць. Старэйшы сын Ігар – механік, а Андрэй вучыцца ў Полацкім універсітэце.

4. — Ваша прафесійная дзейнасць — гэта…?

— Праца без канца і без краю, без выхадных і свят, і вялікая адказнасць за лёс 230 чалавек, каб яны маглі зарабіць, атрымаць зарплату і накарміць дзяцей. Гэта з негатыўнага боку, але ёсць і светлы. У любой справе горш за ўсё аднастайнасць, яна стамляе больш за любую работу. У маёй прафесіі такога няма. Вось еду зараз па сельскай дарозе, а вока радуюць чыстыя пасля ўраджаю палеткі, прыбраныя, абараныя. Адчуваеш сябе багатым ад таго, што паспеў вырасціць і сабраць. Вясной, наадварот, цешыць зеляніна дружных усходаў. Летам няма нічога прыгажэйшага за жытнёвае поле, па якім, як акіянскія лайнеры па моры, “плывуць” камбайны. І ў цэнтры гэтага прыроднага кола – чалавек, які выпускае галоўныя прадукты – хлеб і малако.

Докшыцкі райаграсэрвіс – гаспадарка немалая. Ворыўнай зямлі значыцца амаль 6 тысяч гектараў, 4,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 1000 галоў свіней. Дасталася яна мне ў добрым стане, вытворчасць працуе, як адладжаны механізм. Але адзін недагляд, таптанне на месцы – і поспехі хутка ператворацца ў няўдачы. Таму на сённяшні дзень сваёй галоўнай задачай бачу не толькі ўтрыманне вытворчасці на ранейшых лідзіруючых пазіцыях, але і далейшае яе ўдасканаленне. Сёлета атрымалі вельмі добрую ўраджайнасць збожжавых – 49,2 цэнтнера з гектара, за 10 месяцаў валавы надой малака склаў 4441 тону, што на 310 тон больш, чым у 2014 годзе. Дзяржаве рэалізавалі 4110 тон у заліковай вазе пры таварнасці 92 працэнта. На 100 працэнтаў забяспечаны кармамі. На адну ўмоўную галаву нарыхтавана 23,5 цэнтнера кармавых адзінак. Сярэднямесячная заработная плата склала 4654 тысячы рублёў. У кастрычніку першыя ў раёне выплацілі яе за верасень. Вось гэта для мяне галоўнае. Для мяне за ганьбу не апраўдаць спадзяванні людзей.

5. — Вашы захапленні?

— Калі вы маеце на ўвазе якую-небудзь справу, акрамя работы, то яе няма. Дакладней, люблю многае: і прыроду, і мастацтва, але каб захапляцца сур’ёзна, то на гэта проста не хапае часу. А наогул люблю людзей, люблю зносіны: пагаварыць, паслухаць, нешта патрэбнае прыкмеціць. Нядаўна вось пачуў, што ў Аршанскім раёне ёсць прыклад перадавога вопыту вырошчвання цялят. Знайшоў тую гаспадарку. На днях паедзем са спецыялістамі на знаёмства. Вучыцца, лічу, трэба ўсё жыццё. Не ведаць — не сорамна, ганебна – не хацець гэтага рабіць.

6. — Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?

— Не люблю злапамятных людзей, помслівых. Паважаю адкрытых, шчырых. Лепш горкая праўда, чым салодкі падман.

7. — Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

— А навошта зазіраць у мінулае? Што зроблена, тое зроблена, назад не вернеш, трэба ісці наперад. Мінулыя няўдачы – гэта памылкі. Я іх заўсёды прызнаю, бо не памыляецца той, хто не працуе, лічу ўрокамі і стараюся пазбягаць у будучым.

8. — Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Чалавек без сяброў, што печ без дроў”?

— Я чалавек таварыскі, таму сяброў у мяне шмат. І як можна жыць без іх? Адзін жа ў полі не воін. Вельмі часта менавіта сябры дапамагалі мне знаходзіць выхад з самых складаных сітуацый. А хто, як не сябра, талкова падкажа, абароніць ад памылак? Людзей, якія не маюць сяброў, шкадую. Мне здаецца, ім цяжка жыць.

9. — Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

— Праца і сям’я для мяне аднолькава важныя. Мужчына павінен забяспечваць сям’ю, а значыць, працаваць як след і прыносіць грошы. Кар’ера — гэта ўжо як складзецца. Без яе жыць можна.

10. — Ваш ідэал жанчыны?

— Каб была, як кажуць у нас на вёсцы, спрытная. Прычым, ад прыроды, а не з салона прыгажосці. А яшчэ цярплівая, спакойная, адным словам, мудрая. Жанчына — гэта тыл мужчыны. Каб яму кожны раз хацелася вяртацца дадому, там заўсёды павінна быць цёпла і ўтульна.

— Дзякуй за інтэрв’ю.


Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *