Ирине Григорович из деревни Курдеки Докшицкого района жизнь в деревне по душе

DSC00365Для тых, хто любіць прыроду душой, лепшага месца, чым вёска, не знойдзеш. Яна прывабная ў любую пару года: восенню нельга адарваць вачэй ад жоўтага, чырвона-вогненнага і барвовага лісця, якое сцелецца дываном пад нагамі, зімою – ад прыгожа апранутых у белыя шапкі дрэў. А калі наступае вясна, а за ёй прыходзіць лета – душа вяскоўца ажывае разам са спевамі птушак і кветкамі.

Той, хто хоць аднойчы пабываў у Сітцаўскім краі, не мог не адзначыць для сябе, што кожная вёсачка ў ім па-свойму адметная.

У Курдзеках сёння пражывае каля 70-ці чалавек, амаль усе яны пенсійнага ўзросту. І не дзіўна. Дзеці вяскоўцаў у большасці сваёй пасля школы едуць вучыцца ў горад і наладжваюць там жыццё. На малой радзіме застаюцца адзінкі. Але яны ёсць, і гэта радуе. У Курдзеках такіх сем’яў наогул цэлых тры, у іх ліку і сямейная пара Ірыны і Андрэя Грыгаровічаў, для якіх вёска – гэта не цяжкая праца, а сэнс жыцця.

У дваццацідвухгадовай Ірыны сапраўды вясковая душа. Нарадзілася яна на станцыі Параф’янава. Пасля школы вучылася ў Вілейцы на цырульніка, аднак па пэўных прычынах ліцэй не закончыла, аб чым ніколькі не шкадуе. Сваё жаноцкае шчасце яна знайшла ў Курдзеках. Андрэю не трэба было ўгаворваць маладую жонку перабірацца жыць з адной вёскі ў другую. Яна з радасцю пайшла за мужам. Сёння ў маладых ёсць свая хата, дзе гаспадыня падтрымлівае парадак, які кожны дзень “наводзяць” двухгадовая Юлечка з малодшым брацікам Арцёмкам. Дарэчы, пакуль размаўлялі з Ірынай, нас з цікавасцю слухала яе дачка. Маленькая дзяўчынка ніколькі не баялася незнаёмага ёй чалавека і, як усе вясковыя дзеці, уважліва назірала за госцем.

Ёсць у Грыгаровічаў, як гэта і мае быць у любога вяскоўца, прысядзібная гаспадарка. Мяса, яйкі – усё сваё. Запасаў на зіму нарабілі не толькі з агародніны, добры ўраджай якой вырас побач з домам, але з грыбоў і ягад, якімі славяцца тутэйшыя лясныя мясціны.

Муж у Ірыны руплівы, добры, без зямлі сябе не ўяўляе. Працуе трактарыстам у ДП “АграСітцы”. Што ў гаспадара ўмелыя рукі, бачна па дагледжаных доме і панадворку, шматлікіх дваровых пабудовах. Усюды акуратна і чыста. Пашчасціла Ірыне і са свякроўкай – Вольгай Аляксандраўнай. Жыве клапатлівая жанчына побач, таму па неабходнасці ў любую хвіліну падбяжыць і дапаможа.

Апошнім часам усё больш з’яўляецца прыкладаў, калі былыя вяскоўцы, якія ў свой час з’ехалі ў горад, зараз, калі дасягнулі пенсійнага ўзросту, вяртаюцца назад. Лічаць, што наступіў той час, калі іх паклікала малая радзіма. На думку Ірыны і Андрэя Грыгаровічаў, каб не вяртацца – лепш не выязджаць.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Ірына Грыгаровіч са сваімі дзеткамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *