Виктор Судник механизатор ОАО «Докшицкий райагросервис» достойный продолжатель отцовского дела

Изображение 132

Імя маладога механізатара з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Віктара Судніка за апошнія месяцы неаднаразова ўпаміналася на старонках раённай газеты, ды і ў вобласці яго таксама ўжо ведаюць. Яшчэ б: экіпаж камбайнераў у складзе Віктара Судніка і Івана Бельчука ў абласным спаборніцтве сярод моладзевых экіпажаў заняў 2-е месца. Аляксандр Суднік, перадавы механізатар калгаса “Чырвоны сцяг”, з якога бралі прыклад, які часта выходзіў пераможцам абласных спаборніцтваў, неаднаразова паднімаўся на ганаровую сцэну рэспубліканскіх “Дажынак”, можа па праве ганарыцца сваім сынам. Уменне і жаданне працаваць ён перадаў Віктару ў поўнай меры.
Не сакрэт, што ў наш час моладзь імкнецца не тое што да “лёгкага хлеба”, але, скажам так, да хуткіх вынікаў менавіта ў матэрыяльным плане: выбірае добра аплачваемыя прафесіі з нарміраваным рабочым днём і рознымі “бонусамі”. У гэтым няма нічога дрэннага, крыўдна па іншай прычыне: усё менш і менш застаецца ў вёсцы тых, хто хоча і ўмее працаваць на зямлі, сапраўдных хлебаробаў, на якіх спрадвеку яна, зямля наша, і трымаецца. Прыемна і радасна, што Віктар вырашыў папоўніць гэту слаўную кагорту і прадоўжыць бацькоўскую справу.

Зараз малады чалавек “не почивает на лаврах” – працуе, як і заўсёды, адказна і старанна на ворыве зябліва. Энерганасычаны “Беларус-3522” (такіх у гаспадарцы чатыры) з васьмікорпуснымі плугамі, якім Віктар кіруе гэтак жа ўпэўнена, як і камбайнам, дазваляе выконваць работу хутка і якасна і значна эканоміць паліва. А яшчэ хлопец, ужо на МТЗ-82, падвозіць кармы, дровы для ацяплення фермаў, свінакомплексу. Карацей кажучы, спраў хапае.

– Малады зусім, але вельмі працавіты, адказны, надзейны чалавек, – адзываецца пра механізатара намеснік дырэктара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Андрэй Янчак. – Не сумняваемся, што ў далейшым Віктар пакажа яшчэ лепшыя вынікі: вопыт пэўны ўжо ёсць, бацька заўсёды дапаможа ў патрэбны момант і словам, і справай, ёсць і стымул працаваць, і малады запал, і любоў да тэхнікі, і жаданне вучыцца. Думаю, што ў Віктара наперадзе яшчэ шмат перамог.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота В. Чарвинскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *