В Бегомльском лесхозе работают лучшие вальщики области

IMG_0634Нягледзячы на тое, што колькасць шматаперацыйнай лесасечнай тэхнікі ў ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” павялічваецца з кожным годам, прафесія вальшчыка ўсё ж застаецца запатрабаванай і, без залішняга пафасу, ганаровай. Гэта пацвярджаюць штогадовыя перамогі бягомльскай каманды на абласных спаборніцтвах “Лесаруб” і паспяховы ўдзел у конкурсах рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню. Але за бляскам перамог і стосам грамат крыецца складаная штодзённая праца лесанарыхтоўчых брыгад, бо менавіта падчас яе найбольш дакладна шліфуюцца навыкі.

Лесанарыхтоўчай брыгадай №2 пяць гадоў кіруе майстар на лесасеках Дзмітрый Фядорчанка. У гэтай сферы ён працуе адзінаццаты год — дастатковы час, каб спазнаць асноўныя сакрэты прафесіі. Майстар адказвае за агульную арганізацыю рабочага працэсу, ахову працы, вядзе дакументацыю і вырашае іншыя штодзённыя запатрабаванні брыгады: шасці чалавек з райцэнтра і бліжэйшых да яго вёсак. Штодня да месца працы іх дастаўляе транспарт арганізацыі. Паколькі прафесія вальшчыка ў спісе найбольш небяспечных, вялікая ўвага надаецца наяўнасці ў яе прадстаўнікоў спецвопраткі, абутку і іншых абарончых прыстасаванняў.

Вельмі важна, каб тэхніка хлопцаў штодня не падводзіла. Таму працуюць яны з праверанымі бензапіламі вядучага сусветнага пастаўшчыка гэтай тэхнікі – STIHL. Няма праблем і з ланцугамі.

– Галоўнае ў нашай рабоце – гэта асцярожнасць і дакладная ацэнка сітуацыі, – расказвае вальшчык Аляксандр Бобрык. – Вельмі важна заўжды звяртаць увагу на моц ветру, а таксама на крону дрэва. Лепш не спяшацца, а пакеміць, як яго правільна спілаваць, каб не нашкодзіць ні дрэву, ні навакольнай прыродзе. Мяне, ды і многіх іншых хлопцаў, якія працавалі і працуюць у брыгадзе і ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах, некалі вучыў наш былы майстар Ігар Касцюк. Сапраўдны прафесіянал сваёй справы, скажу я вам. Сёння гэтыя і іншыя сакрэты мы стараемся перш-наперш адкрываць моладзі. Хочацца выканаць план нарыхтоўкі, аднак паспешлівасць можа загубіць усю справу.

Пераможца сёлетняга абласнога спаборніцтва ў намінацыях “Валка лесу” і “Абрэзка сукоў” Аляксандр Юковіч звяртае ўвагу на тое, што ў арганізацыі з разуменнем ставяцца да неабходнасці мець на спаборніцтвах уласную тэхніку. Лясгасам былі набыты больш хуткасныя бензапілы і ўсё неабходнае да іх спецыяльна для ўдзелу ў прафесійных спаборніцтвах. Ды і заахвочваюць зорных вальшчыкаў належным чынам. Чаго патрабуюць узамен? Прадукцыйнай працы і паспяховага выступлення. Бо, калі ўжо аднойчы паказаў вынік, яго чакаюць ізноў. І гэта правільны падыход. Выдаткі не ідуць у параўнанне з тым, каб годна трымаць званне калектыва, дзе працуюць лепшыя вальшчыкі вобласці.

НА ЗДЫМКУ: майстар Дзмітрый Фядорчанка (другі ў другім радзе) з брыгадай вальшчыкаў. (Першы рад) Валерый Зубкоў, Аляксандр Бобрык, (другі рад) Сяргей Радзюк, Алег Тамковіч, Аляксандр Юковіч. Зараз месца дыслакацыі другой лесанарыхтоўчай брыгады – 12-ы квартал Вітуніцкага лясніцтва.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *