Бриллиантовый юбилей отпраздновали Анатолий и Галина Левко из деревни Заборцы Докшицкого района

IMG_4881Сапраўднае вяселле наладзілі сваім бацькам дзеці Анатоля і Галіны Ляўко, якія пражылі ў шлюбе 60 гадоў. Не раз даводзілася быць на падобных зачопах, але складана прыпомніць, дзе яшчэ б панавалі такія непадробныя шчырасць і цеплыня, як тут. Галіна Іосіфаўна некалькі год таму перанесла інсульт і з таго часу не ўстае з інваліднага крэсла. Муж, дзеці, унукі, праўнукі не даюць ёй упасці духам. Усе навыперадкі спяшаюцца аказаць дапамогу. Пры падрыхтоўцы вяселля прадумалі кожную дробязь, купілі нават залатыя пярсцёнкі тату і маці. Нявесткі прыгатавалі багаты вясельны стол. Галіна Іосіфаўна называе іх дочкамі і расказвае, як яны прывозяць з Докшыц ужо падрыхтаваныя стравы, прыбіраюць у хаце, цепляць лазню. “Усё, што мы робім – гэта толькі невялікая частка таго, чым абавязаны бацькам”, – сцвярджае Люба, жонка старэйшага сына Вячаслава. Падобныя адносіны дарагога каштуюць, але паважаныя сужэнцы заслужылі іх усім сваім жыццём.

Сэрца ўчарашняга салдата Галя зачапіла адразу, як толькі ўбачыў яе Анатоль на вясковай вуліцы. Запытаўся ў маці, якая гэта красуня завярнула да суседа ў панадворак? І вельмі здзівіўся, што Галя Юзікава за тыя чатыры гады, пакуль ён служыў у арміі, вырасла і стала такой спрытнай. Пачакаўшы хвіліну, пашыбаваў услед за дзяўчынай. Праз год заслаў сватоў. На паненскім вечары Галіна, як і належыла тагачаснай маладой, крыху слязу пусціла, а сэрца выскоквала з грудзей ад радасці. І не было больш шчаслівых людзей, чым яны з Анатолем, калі распісны вазок пад звон шархуноў паімчаў іх у Сітцаўскую царкву на вянчанне.

Вяселле гулялі чатыры дні, а потым пачалі ладзіць быт. Сем’і ў абодвух былі вялікія, таму трэба было думаць пра ўласнае жыллё. Спачатку меркавалі паехаць, як тады казалі, “у свет”, хаця б у той жа Казахстан. Але перадумалі. Бацька Галі напомніў, што на адным месцы і камень мохам абрастае. Маладыя былі паслухмяныя і вырашылі прытрымлівацца бацькоўскай мудрасці. Пераехалі толькі з Макаравіч у Заборцы, дзе пабудавалі хату. Анатоль Васільевіч пайшоў працаваць жывёлаводам у саўгас, а Галіна Іосіфаўна тэхнічкай у Заборцаўскую школу. Адзін за адным нарадзіліся тры сыны, пайшлі ў школу, і жыццё пабегла, як ручай з гары.

Пражылі яго ў клопатах ды працы. Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: тры каровы, а пазней прыдбалі і каня. Вяскоўцы і зараз успамінаюць добрым словам безадказнага Васільевіча, які нікому не адмовіў, калі трэба было абараць агарод, прывесці сена. Ладзілі сужэнцы і паміж сабой. Дарослыя дзеці так і не ўспомнілі выпадку, каб бацькі сварыліся. Вялікіх прычын не было, бо галава сям’і ніколі не зазіраў у чарку, а па дробязі ён жонцы саступаў. Таму чаго дзівіцца, што сыны, а за імі і ўнукі, таксама стварылі дастойныя сем’і. Асабісты прыклад – лепшы сродак выхавання.

У чысценькую, утульную хату брыльянтавых маладых на вяселле завітала шмат гасцей. Але з самым вялікім нецярпеннем чакалі прыезду кіраўніка Сітцаўскага сельвыканкама Аксаны Шыловіч, якая павінна была правесці шлюбны абрад. Яна з’явілася не адна, а з работнікамі культуры. Пра гэта абвясціў на ўсё наваколле, як і 60 гадоў таму, гармонік. З баянам ладна ўпраўляўся Стась Красоўскі, а галасістая Жанна Штоль з сяброўкамі-бібліятэкарамі Аленай Карповіч і Наталляй Літвінавай ушаноўвалі маладых цудоўнымі песнямі. У вясельным абрадзе прымалі ўдзел і дзесяцікласніцы Сітцаўскай школы Алеся Голікава і Дзіяна Міхалевіч. Нечаканай адметнасцю стаў народны абрад вянчання пярсцёнкаў, які правяла старадаўняя сяброўка сям’і Ніна Шаура.

Затым “бабушку рядышком с дедушкой” віншавалі дзеці, унукі і праўнукі. Уручалі падарункі і кветкі. Але самай вялікай нечаканасцю для Галіны Іосіфаўны стала віншаванне ад раённага аддзела адукацыі. Гэта было бачна па яе твары. Яна ўся схамянулася, калі з кветкамі і падарункам да яе падышоў дырэктар Сітцаўскай школы Мікалай Калбасіч. Пасля прызналася: працай у школе вельмі даражыла, і таму бясконца рада за тое, што пра яе памятаюць.

Завяршылася ўрачыстая частка вяселля аптымістычным акордам. Галіна Іосіфаўна, у мінулым адметная спявачка, не вытрымала і заспявала наперабой са стрыечнай сястрой Лёняй Закрэўскай жартоўныя прыпеўкі. А Анатоль Васільевіч, з выгляду вельмі прыемны, інтэлігентны дзядуля, пасмялеў і ўжо без вялікага прымусу адорваў верную спадарожніцу жыцця пацалункамі.

Гледзячы на гэту пажылую, але тым не менш прыгожую пару, думалася, што шчаслівым можна быць у любым узросце, калі цярпліва і ўпэўнена ісці да гэтага ўсё жыццё.
НА ЗДЫМКУ: шчаслівыя брыльянтавыя маладыя.

Тамара Альшэўская.

 

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *