Где в Докшицах одеть и обуть семью?

667605_3Распаўсюджаны сярод жыхароў горада і раёна жарт пра тое, што базарны дзень (пятніца) – гэта яшчэ адно свята, якое прыходзіць кожны тыдзень, з пачатку 2016 года пакрысе страчвае сваю актуальнасць. Справа ў тым, што з 1 студзеня згодна з загадам №222 “Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”, індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права прадаваць прадукцыю лёгкай прамысловасці з краін Мытнага саюза толькі пры наяўнасці дакументаў, якія суправаджаюць тавар. Гэта стала галоўнай прычынай таго, што і на докшыцкім рынку, дзе заўсёды было шматлюдна, – зацішша. Гандляроў можна пералічыць па пальцах, пакупнікоў таксама. У сувязі з гэтым мы задалі дакшычанам пытанне: “А дзе зараз вы і ваша сям’я набываеце неабходныя рэчы?”

Аліна, 24 гады.

– Сям’я ў нас невялікая: муж і я. Абноўкі сабе купляю падчас сесіі ў Полацку. За абуткам ездзілі і працягваем ездзіць у Глыбокае ці Мінск. На рынку купляла шкарпэткі, бялізну, тапкі, халацік сабе і маме. Ва ўнівермагу яны даражэйшыя і выбар абмежаваны.

Ганна, 32 гады.

– Адзенне і абутак сабе і дачцэ купіла яшчэ ў мінулым годзе. Аднак сёлета сутыкнулася з праблемай, якой, каб больш кемлівым быў наш гандаль, магло, мне здаецца, і не быць. На калядныя святы да нас прыязджалі госці з-за мяжы. Абрадаваўшыся снегу, мы захацелі аддацца зімовым забавам. Давялося гасцей уцяпляць шапкамі, шалікамі, пальчаткамі. У “Дзіцячым свеце” не было ніводнай пары рукавіц, тое-сёе знайшлі ў прыватнікаў. І мне падумалася: цікава, калі ж заварушыцца спажывецкая кааперацыя? Канкурэнцыя, на якую кпілі ўсе апошнія гады, амаль жа знікла? А перад гасцямі было сорамна.

Віктар, 31 год.

– Ужо не першы раз адзяваюся ў Расіі. Сябры ездзяць два разы на год і я з імі. Атрымліваецца па-рознаму: калі больш танна, калі менш, у залежнасці ад курса рубля.

Кацярына, 29 гадоў.

– Мужчынскі абутак заўжды набываем у прыватнай краме «Марка» ў Докшыцах. Класічных мадэляў там хапае. Толькі вельмі мала дзіцячага абутку. За жаночым ездзім у Мінск, пэўна, так будзе і сёлета. Бялізну для дзіцяці бяру ў “Дзіцячым свеце”. Айчынны легпрам у гэтым пытанні мяне абсалютна задавальняе. А вось адзенне стала купляць праз Сеціва. Удзельнічаю ў “сумесных закупках” ці непасрэдна праз інтэрнэт-крамы. Кітайскія сайты не вылучаю. Больш падабаецца беларуская, расійская, турэцкая і польская прапанова. Пакуль усё прыходзіла належных памераў і якасці, працэнтаў на сорак, а то і палову танней, чым у спажыўкааперацыі і прыватных крамах. Па рынку настальгірую, бо сёе-тое да летняга сезону купляла менавіта там.

Аляксандра, 37 гадоў.

– Самае балючае пытанне студзеня – як абуць дзяцей. І грошы, здаецца, ёсць, а выбару – аніякага. Дачцэ – 13. У “Дзіцячым свеце” няма неабходнага памеру, у прыватнай краме – мадэлі больш на дарослых, з абцасікамі. Прамучыўшыся тыдзень з пошукамі, зайшла на сайт адной вядомай гандлёвай сеткі абутку. Выбрала пару і папрасіла знаёмую студэнтку прывезці з Мінска. А там яшчэ і з сезоннай зніжкай прадалі. З асцярогай чакаю вясны, калі трэба будзе бацінкі набываць. Прыйдзецца, пэўна, зноў куды ехаць. Хаця, я патрыёт свайго раёна і з задавальненнем пакінула б грошы за тавары тут. Звяртаюся да тых, хто ўмее гандляваць, з прапановай: адкрыйце ў райцэнтры магазін дзіцячага абутку і не думайце, што пакупнікоў спужае кошт. Многія знаёмыя маладыя мамы спецыяльна ездзяць у сталіцу за “Шагавітай”, “Марка”, артапедычнымі сандалікамі іншых вядомых брэндаў і могуць дазволіць сабе аддаць за пару дзіцячага абутку паўмільёна і больш, да таго ж, трэба патраціцца на дарогу.

Дзмітрый, 36 гадоў.

– У нас сям’я з чатырох чалавек. Абутак усім куплялі і працягваем гэта рабіць у Докшыцах. Дзеці-падлеткі носам надта не круцілі пакуль. А вось за адзеннем ездзілі ў Глыбокае. Чуў, што многае і там зараз не працуе. Паспрабуем пашукаць рэчы ў дзяржаўным гандлі.

Алена, 40 гадоў.

– У мяне трое школьнікаў і адна дашкольніца. Як па законе несправядлівасці, усім траім старэйшым дзецям у студзені спатрэбілася новая пара зімовага абутку. Скураныя мадэлі ў краме дорага каштуюць, мала мадэляў для падлеткаў. Рынак, па прычыне яго адсутнасці, на дапамогу не прыйшоў. Везці ўсіх у вялікі горад – накладна і патрабуе шмат часу. Сорамна сказаць, але я рада адлізе. Восеньскія боты з цёплымі шкарпэткамі пакуль выручаюць нас.  Спадзяюся, што ўдзельнікі гандлёвага рынку нарэшце пачнуць рэагаваць на сітуацыю і развернуцца да спажыўца тварам.

Ірына Пятроўна, 57 год.

– Сабе адзенне і абутак купляю не так часта. Сёлета пакуль нічога не набывала. А вось абуць у райцэнтры ўнукаў з тыдзень таму аказалася немагчыма. Дзяўчаты – школьніцы малодшых класаў. У дзіцячай краме боцікаў для іх патрэбнага памеру не было. Сіратліва стаялі на паліцах некалькі пар яшчэ з восені. Такая праблема ў нас была і вясной з туфлікамі. Прыйшлося везці ўнучак у суседні раён. Купілі адразу боты і зменку ў школу. Сабе прыгледзела абноўкі. Усё дабротнае, вытворчасці “Марка” і “Нёман”. На адной з нарад чула, што Глыбоцкае райста стратнае. Чаму тады пры незайздросным матэрыяльным становішчы ў яго крамах такі багаты асартымент? І яшчэ. Мае дзяўчынкі займаюцца ў танцавальным гуртку, дык нават чэшкі і танцавальны купальнік ім у Докшыцах не купіць. Просім знаёмых прывезці пад заказ з іншых гарадоў. І каштуюць, здаецца, няшмат, а столькі марокі з імі.

Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.

Один комментарий для “Где в Докшицах одеть и обуть семью?

  • 13.02.2016 в 1:38 пп
    Permalink

    Печально…2016….а наш народ все еще думает где раздобыть обувь

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *