Алла Кишко из деревни Волколата Докшицкого района сохраняет народные традиции

А.В 016Прасці Ала Кішко, ураджэнка Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, навучылася яшчэ ў школьныя гады ад сваёй маці. Але тады яе больш цікавіла вучоба, ды розных іншых юнацкіх захапленняў хапала. “Курсы павышэння кваліфікацыі” Ала прайшла ў свекрыві, калі выйшла замуж у Валкалата. Асвоіла майстэрства прадзення дасканала, але зноў жа, як кажуць, не паставіла справу на канвеер. Навізны на той час у жыцці маладой жанчыны было хоць адбаўляй. Новы дом з прысядзібным участкам, які з задавальненнем абжывалі і добраўпарадкавалі з мужам Генадзем. Работа ў дзіцячым садку, загадчыцай якога затым Ала Васільеўна працавала шмат гадоў, аж да выхаду на заслужаны адпачынак. Дзеці, Віталь і Ларыса, якім неабходна было ўдзяляць шмат увагі, займацца іх выхаваннем. Вясковая гаспадарка: жывёла, кветнікі ды агароды. Толькі паспявай усюды спраўляцца. Да ўсяго ж Ала Кішко яшчэ і максімалістка: калі бралася за якую-небудзь работу, то выконвала яе заўжды на “выдатна”. А інакш навошта і пачынаць?

Вязанне – адно з асноўных захапленняў Алы Васільеўны. Вязала і вяжа ўсё сваё жыццё: світары, сукенкі, камізэлькі, шалікі і шапкі, рукавічкі. Не толькі для сябе і сваёй сям’і, але і для шматлікіх пляменнікаў, а зараз ужо для іх дзяцей.

– Спецыялізуюся цяпер на шапачках і пінетках, – смяецца жанчына. – У маіх трох братоў зараз унукі пайшлі, ды і мяне гэта радасць не мінула. Вось і раблю маленькія падарункі сваімі рукамі. Ім прыемна, а мне – удвайне.

З выхадам на пенсію майстрыха ажыццявіла ўрэшце сваю даўнюю мару: завяла авечак. А гэта значыць, у гаспадарцы з’явілася ўласная воўна. Ну як тут не ўспомніць асвоены даўным-даўно навык? Рэчы з шарсцяных нітак свайго вырабу вельмі цёплыя, носкія, экалагічна чыстыя. Адзіны недахоп – крыху “кусачыя”. І з ім Ала Васільеўна навучылася змагацца, знайшоўшы метадам спроб і памылак аптымальны час вытрымкі нітак у кіпені. Дык цёплымі шкарпэткамі цяпер забяспечаны ўсе бліжэйшыя і далейшыя Аліны родныя. Праўда, ёсць у гэтай справе адна праблема: счасаць воўну. Гэту паслугу насельніцтву аказваюць у Паставах, але якасць, сцвярджае жанчына, жадае быць лепшай. Больш паблізу не чэшуць воўну нідзе, што і не дзіўна: у вёсках ужо мала хто трымае авечак, а калаўроты сталі экспанатамі музеяў і этнаграфічных куткоў.

Шкада, што Ала Васільеўна жыве не ў райцэнтры. Яна стала б выдатным кіраўніком гуртка, скажам, “Прасніца” і перадала б свае ўменні ўсім ахвотнікам асвоіць майстэрства прадзіва, каб не зыходзіла яно ў нябыт, каб не рвалася тая нітачка, якая звязвае нас з нашымі продкамі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *