Парафьяновский участок РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» заботится о сельчанах

Параф’янаўскі ўчастак РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” жыве клопатамі і справамі, якія не спыняюцца ні на хвіліну. Інакш і не можа быць, бо ў паслугах камунальнікаў насельніцтва мае патрэбу кожны дзень.

Камунальнай службай на ўчастку запраўляе Генадзь Кальчынскі (на здымку). Калектыў, які налічвае 44 чалавекі, ён узначальвае толькі год, але ўжо за такі невялікі адрэзак часу на карысць і дабрабыт вяскоўцаў зроблена нямала. Дасягнуць пэўных вынікаў дапамагае яго ўмелае кіраўніцтва і зладжаная работа ўсіх супрацоўнікаў.

КСЁНДЗ 008 КСЁНДЗ 006Напярэдадні прафесійнага свята камунальнікаў адбылася наша сустрэча з начальнікам участка, які падсумаваў зробленае за мінулы год і падзяліўся планамі на бліжэйшы час.

— Генадзь Феліксавіч, якія работы прыходзіцца выконваць штодзень?

— Па-першае, трэба сказаць, што наш участак абслугоўвае чатыры сельсаветы – Параф’янаўскі, Сітцаўскі, Валкалацкі і Крыпульскі. Асноўная і першапачатковая задача ў зімовы перыяд – даць цяпло і ваду насельніцтву. Штодзённыя ж клопаты звязаны з добраўпарадкаваннем населеных пунктаў. Гэтай справай мы займаемся пастаянна, але ёсць адзін дзень у тыдні, які прынята называць “чыстым чацверам”, калі стараемся максімальна навесці парадак у замацаваных за намі вёсках.

Акрамя гэтага, праводзім рамонт жылфонду і замену цепласетак, займаемся зборам цвёрдых бытавых адходаў. На платнай аснове аказваем разнастайныя паслугі, у ліку якіх сантэхнічныя, транспартныя, рытуальныя.

— На якіх аб’ектах у апошні час былі задзейнічаны камунальнікі?

— Спачатку трэба адзначыць, што з боку сельвыканкама і непасрэдна яго старшыні Галіны Азарэвіч адчуваем значную падтрымку і ўзаемапаразуменне ў рабоце.

Калі гаварыць пра мінулы год, то вялікі аб’ём работ быў выкананы на могілках, а іх на тэрыторыі чатырох сельсаветаў – 35. Зараз яны ўсе абсталяваны спецыяльнымі пляцоўкамі для збору цвёрдых адходаў. Поўнасцю адрамантаваны агароджы, а на некаторых могілках нават пабудаваны новыя. Старыя дрэвы і кустоўе, якія псавалі гэтыя месцы, былі зрэзаны.

Не пакідаем без увагі звароты грамадзян. Так, у агр. Сітцы (вул. Цэнтральная) па просьбе жыхароў праклалі водаправод працягласцю 600 метраў. Пасля таго, як самі людзі зробяць падводы ў свае дамы і зацвердзяць праектную дакументацыю, атрымаюць доўгачаканую выгоду. Такую ж работу камунальнікі выканалі і на ўчастку Параф’янава – Целяшы: даўжыня водаправоду склала 800 метраў.
Калі патрабуецца, рамантуем жылы фонд. Даўно чакаў перакрыцця дах двухпавярховага будынка ў Сітцах па вуліцы Школьнай, 9. Спатрэбіўся ўсяго тыдзень, каб выканаць яго капітальны рамонт.
На Параф’янаўскім участку знаходзіцца 6 кацельняў. Летась на дзвюх з іх (школа і бальніца ў Валкалаце) былі ўстаноўлены новыя катлы, якія працуюць на пілетах. Іх купляем у Бягомльскім лясгасе. На такі ж від паліва плануем перавесці і кацельню ў Сітцах – усё будзе залежаць ад фінансавання. Астатнія чатыры пакуль працуюць на цвёрдых відах паліва – дровах і торфабрыкеце.

— Ці шмат планаў у вашага калектыву на будучы год?

— Стаіць задача на тэрыторыі трох сельсаветаў арганізаваць збор цвёрдых бытавых адходаў. У адпаведнасці з графікам населеныя пункты – дзесьці 64 вёсачкі – будзе аб’язджаць спецтэхніка і збіраць адходы. Для гэтага патрабуецца заключыць дагаворы з насельніцтвам. Дарэчы, на тэрыторыі Параф’янаўскага сельсавета такая паслуга ўжо практыкуецца.

З наступленнем цёплага вясенняга надвор’я вяскоўцы зоймуцца агародамі. Каб хоць трохі аблегчыць іх працу на зямлі, плануем набыць матаблок для апрацоўкі прысядзібных участкаў за пэўную плату.
— Генадзь Феліксавіч, за што любіце сваю работу?

— Па некалькіх прычынах. Адна з галоўных, напэўна, што побач працуюць надзейныя людзі, сярод якіх інспектар па кантролі Эма Ралавец, майстар па кацельнях Валерый Сяклюцкі, майстар па водаправодзе Андрэй Багаткевіч і многія іншыя. Увогуле ж работа цікавая. Яна патрабуе вырашэння неаднатыпных пытанняў: шукаць варыянты выхаду са складаных сітуацый і знаходзіць іх — бадай што, лепшае, чым можа ўзнагародзіць цябе абраная прафесія.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: брыгада ў складзе рабочых (злева направа) Аляксандра Яцуковіча, Валерыя Сачанкі, Андрэя Шавардака і Анатоля Лічко займаюцца добраўпарадкаваннем вёскі Целяшы – зносіць трухлявыя гаспадарчыя пабудовы.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *