Разабраць, нельга пакінуць

IMG_4927Найбольш востра пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў паўстае ў пачатку вясны, калі людскому воку адкрываюцца ўсе хібы, якія былі прыхаваны пад снегам. Але ёсць тое, што снежны покрыў надта не ўтойвае – трухлявыя і несанкцыянаваныя пабудовы. Каментуе начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вадзім Касцюк:

– Пытанне ліквідацыі трухлявых і несанкцыянаваных пабудоў каля многіх шматпавярховікаў у райцэнтры ўздымаецца не першы год. На кожным сходзе, які мы, камунгас і іншыя зацікаўленыя службы ладзяць з насельніцтвам, узнікае вельмі шмат пытанняў негатыўнага характару. Зразумела, што людзям не хочацца прыбіраць пабудовы, нягледзячы на тое, што яны незарэгістраваныя і ўзведзены з парушэннем архітэктурных нормаў. Тым не менш стараемся тлумачыць, што, калі пабудова і тэрыторыя, якая да яе прылягае, мае неналежны санітарны стан, з’яўляецца пажаранебяспечым аб’ектам і нясе рызыку для жыцця і здароўя грамадзян – яе трэба разабраць. Сходы на гэту тэму праведзены з жыхарамі дамоў 4, 6, 8 па вуліцы Ленінскай, шматпавярховікаў па вуліцах Чарняхоўскага і Маякоўскага ў райцэнтры. Грамадзянам былі накіраваны прадпісанні пра неабходнасць прывесці свае пабудовы ў належны стан ці дэманціраваць іх. Нельга сказаць, што ўсе яны выкананы, аднак работа зрушылася з месца. Ёсць і шэраг спрэчных момантаў. Напрыклад, пошук уласнікаў у выпадку, калі кватэру прадалі, а несанкцыянаваная пабудова засталася за папярэднім гаспадаром. Гэта і іншыя пытанні зараз на кантролі. За невыкананне прадпісання КаАП Рэспублікі Беларусь прадугледжаны значныя штрафныя санкцыі.

Жыхары некаторых кватэр па вуліцы Ленінскай і сапраўды шчыра ўзяліся за выкананне прадпісання. Адны разабралі пабудовы ўласнымі сіламі. Другія з-за ўзросту і іншых прычын не маюць такой магчымасці. Ім на дапамогу прыйшоў прадпрымальнік Вадзім Ходаль. Ён прапанаваў паслугу па дэмантажы трухлявых пабудоў. Пры гэтым брыгада Ходаля не толькі разбірае збудаванні, але і на ўласным транспарце вывозіць іх рэшткі. Справа робіцца хутка і акуратна. Па словах індывідуальнага прадпрымальніка, ён гатовы аказаць падобную паслугу і ў іншых населеных пунктах у межах раёна. Кошт залежыць ад аб’ёму, але ён прымальны.

Калі ж жыхары вырашаюць разбіраць пабудовы ўласнаручна, заказаць транспарт для вывазу рэшткаў можна ў камунгасе.

НА ЗДЫМКУ: трухлявую пабудову па вуліцы Ленінскай у Докшыцах разбірае брыгада Вадзіма Ходаля.

Наталля НАВІЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *