Участковый Михаил Раловец с детства хотел носить погоны

IMG_4260Хутка год, як участковы інспектар Міхаіл Ралавец служыць у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Гэтага часу аказалася дастаткова для таго, каб зрабіць выснову, што ў міліцыю малады чалавек трапіў не выпадкова, а, без залішняга пафасу, з-за вялікага ўласнага жадання быць на абароне грамадскага правапарадку, здароўя і маёмасці грамадзян.

Пасля школы Міхаіл Ралавец атрымаў грамадзянскую спецыяльнасць – скончыў сельскагаспадарчую акадэмію і з дыпломам інжынера-гідратэхніка крыху папрацаваў у ПМС. Затым юнаку надышоў час служыць у арміі, і ён без залішніх ваганняў прыняў позву, як магчымасць праверыць уласную мужчынскую годнасць. Вясковы хлопец быў добра падрыхтаваны фізічна: яшчэ ў акадэміі ён займаўся гіравым спортам, меў другі юнацкі разрад і вопыт удзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Упэўніцца ў важнасці такіх складаемых, як вернасць мужчынскаму сяброўству, падпарадкаванне загаду камандзіра, законапаслухмянасць і годнасць, дапамагла служба ў пагранічных войсках.

Пасля арміі атрымаў прапанову пайсці на службу ў РАУС. На гэта адразу згадзіўся, бо стаць афіцэрам ён таемна марыў усё невялікае папярэдняе жыццё. На тое існавалі прычыны. У сям’і Міхаіла было каму расказаць пра працу міліцыянера больш выразна, чым кніжкі і кінафільмы. Гэта дзядуля Яўген Ільіч, былы ўчастковы Бярэзінскага сельсавета, дзядзька, які служыў у органах унутраных спраў у суседняй Расіі. “Я таксама хачу насіць пагоны”, – малады чалавек з Гліннага прыняў цвёрдае і ўпэўненае рашэнне.

Участковаму даверылі адказваць за правапарадак на тэрыторыі Парплішчанскага і Докшыцкага сельсаветаў. Вытрымаўшы стажыроўку, ён уступіў у свае абавязкі летам 2015 года. Праца ўчастковага інспектара, як вядома, “на нагах”. Ён павінен бачыць людзей, а людзі – яго. Не сакрэт, што многае ў гэтай прафесіі трымаецца на кантактах з насельніцтвам: сям’ю падкажуць, да якой трэба зайсці, каб утаймаваць дэбашыра, пра невядомых людзей, што з’явіліся ў вёсцы паведамяць. Малады ўчастковы ўпэўнены, што лепшая прафілактыка правапарушэнняў – гэта фарміраванне законапаслухмяных паводзін насельніцтва.

Спакойны і ўраўнаважаны Міхаіл Ралавец выклікае давер і павагу. А маладосць – яна толькі на карысць: пачынаць новую справу лягчэй і энтузіязм яшчэ не паспеў знікнуць пад штодзённым цяжарам турбот.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *