В Докшицах возводится ещё один многоэтажный дом

IMG_4411++++Радуе вока гарадскі пейзаж з узнятай угору стралой пад’ёмнага крана. Ідзе будаўніцтва, а значыць, жыццё не спыняецца. У першыя месяцы новага года ў райцэнтры вядучая будаўнічая арганізацыя раёна – ПМК-52 – распачала ўзводзіць новы аб’ект. Ім стаў 40-кватэрны жылы дом агульнай плошчай 2265 квадратных метраў. Зараз вядуцца земляныя работы, ажыццяўляецца мантаж падушак падмурку. На будаўніцтве, якое ўзначальвае прараб Віктар Махонь, заняты брыгады Леаніда Кеды, Сяргея Голубева і Пятра Качана. Работу крана забяспечвае Іван Дземідовіч, экскаватара – Уладзімір Фамін.

– Здача шматпавярховіка запланавана сёлета, – растлумачыў галоўны інжынер Валерый Сасноўскі, – і мы з гэтай задачай справімся. Дадзены аб’ект – гэта трэцяя частка гадавога аб’ёму будаўніча-мантажных работ ПМК, і таму ён для нас у сённяшніх умовах, калі многія прадпрыемствы галіны знаходзяцца ў вымушаным прастоі, вельмі каштоўны набытак. Працуем яшчэ на будаўніцтве МТФ “Вецяра”. Зараз там накрываем дах другога кароўніка. Працягваем узвядзенне стаматалагічнага аддзялення, капрамонт тэрапеўтычнага і бягучы – акушэрска-гінекалагічнага аддзяленняў. Брыгада апрацоўшчыкаў Людмілы Фаміной нядаўна вярнулася з Пастаў, дзе займалася тынкоўкай.

Удалося адшукаць спажыўцоў прадукцыі дрэваапрацоўчага цэха. У Паставы прадалі вокны і дзвярныя блокі. У Глыбокім пажадалі мець нашы лоджыі. Брыгада Сяргея Сварцэвіча іх там на месцы і зашкліла.

Названы аб’ём дазваляе забяспечыць работай калектыў, а на час будаўніцтва шматпавярховіка нават запрашаем муляраў на працу па дамоўленасці.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: малады спецыяліст мантажнік Аляксандр Шарох і брыгадзір Леанід Кеда на будаўніцтве дома.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *