Больше двадцати лет Геннадий Ломако из Бегомля посвятил пожарной службе

IMG_8257Генадзь Ламака пажарнай службе прысвяціў больш за 20 гадоў. Зараз ён знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і цяпер часта цікавіцца справамі калег.

Нарадзіўся Генадзь у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Бягомль для мужчыны стаў другой радзімай з таго часу, як пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Ён тады працаваў у мясцовым калгасе вадзіцелем, а яна, будучы студэнткай, разам з аднагрупнікамі дапамагала гаспадарцы на ўборцы бульбы. Маладыя людзі стварылі сям’ю і вырашылі абуладкавацца ў Бягомлі.

Тое, што працаваць у пажарнай службе прэстыжна, Генадзь ведаў заўсёды, таму і марыў пра гэта. Спачатку ўладкаваўся ў ПАВЧ №2 старшым пажарным, потым некаторы час быў дыспетчарам, а пазней даручылі вадзіць аўтацыстэрну.

– Першыя гады службы, канечне, было цяжкавата, – успамінае Генадзь. – І тэхнікі не хапала, і пажараў у 2-3 разы было болей, чым зараз. Спраўляліся. Дагэтуль успамінаю свой першы выезд на пажар. У Барысаўскім раёне гарэў дом з гаспадарчымі пабудовамі. Ахвяр, на шчасце, не было, але карціна, якую пабачылі тым ранкам, пакінула вельмі непрыемныя ўражанні. Калектыў, у якім давялося працаваць і з якім з’едзены не адзін пуд солі, – вельмі надзейны і сяброўскі. Цесныя адносіны склаліся з Сяргеем Яленскім, начальнікам варты, ды і з іншымі хлопцамі, якія прыйшлі на працу ў пажарную ў 94-м годзе, часта сустракаемся, цікавімся жыццём-быццём.

Адпраўляючы калегу ў запас, калектыў аддзела МНС падрыхтаваў яму падарунак. Ведалі, што для Генадзя Ламакі вельмі карысным стане набор інструментаў для рамонту аўтамабіля. Тым больш, што спраўная машына яму неабходная для таго, каб паехаць на рыбалку – вельмі любіць мужчына гэты від адпачынку.

Трэба адзначыць, што і гаспадар ён дбайны. Вясною работ прыбаўляецца ля дома: трэба ўчастак апрацаваць і засадзіць. Не забывае дапамагчы Генадзь і сваім бацькам па гаспадарцы, пастаянна наведвае іх і кожны дзень тэлефануе.

Такім адказным, добрым і станоўчым чалавекам, напэўна, у нейкай ступені зрабіла яго калісьці абраная прафесія. І аб гэтым мужчына ніводнага разу ў жыцці не пашкадаваў.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *