Два жыцці Марыі

IMG_0650Гэта маленькая, худзенькая бабулька з выцвілымі ад часу вачыма, якія выпраменьваюць  дабрыню, – сімвал праваслаўнага асяродку Докшыц. Яе заўсёды можна сустрэць там, дзе  адбываюцца царкоўныя падзеі. Калі яна чытае “Псалтыр” па нябожчыку, адпраўляе яго ў апошні шлях, родныя спакойныя: усё будзе зроблена так, як патрабуе канон. А між іншым прыгажуня і камсамолка Марыя прыйшла да Веры толькі ў сталым узросце пасля сур’ёзных жыццёвых выпрабаванняў.

Родам яна з Расонскага раёну, гадавалася ў шматдзетнай сям’і строгіх правілаў. Да вайны паспела скончыць сямігодку, таму пасля вызвалення раёна ў 1944-м яе выклікалі ў райкам партыі і прапанавалі паехаць у Заходнюю Беларусь, каб наладжваць там савецкае жыццё. Згадзілася з радасцю, бо Расоншчына, былы партызанскі край, была выбіта і спалена. Накіравалі ў Докшыцы касірам у ашчадную касу. Тут і прыгледзеў яе зухаваты Сашка Гмырак. Праходу не даваў. Не кахала, але не змагла не саступіць былому партызану, які яшчэ пры панскай Польшчы хадзіў у падпольшчыках. І хоць быў ён старэйшым на 10 гадоў, стала яго жонкай і маці двух сыноў. Аднаго з іх у гонар бацькі таксама назвалі Аляксандрам. Спачатку жылі на прыватных кватэрах, а потым купілі хляўчук 7 на 10 метраў, уставілі вокны, паставілі печ і на гэтай мізэрнай плошчы размясціліся ўпяцярых: з дзецьмі школьнікамі і свякроўю. А потым здарыўся першы цуд у жыцці Марыі Філімонаўны.

Бягомль павінен быў наведаць тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Муж з сябрамі паехалі на сустрэчу. Стаяць купкай на тратуары, і раптам Пётр Міронавіч, які праходзіў міма, спыняецца, глядзіць уважліва на Гмырака, як бы пазнае, а потым кідаецца ў абдымкі, ляпае па плячах. У навакольных шок! Хто ж з іх ведаў, што разведчык Аляксандр Гмырак, рызыкуючы жыццём, не раз праводзіў партызанскага камісара Машэрава патаемнымі ляснымі сцежкамі да партызанскага аэрадрома. Паспелі перакінуцца некалькімі словамі, сакратар пацікавіўся, як жыве былы партызан, а той запрасіў яго ў госці. Пётр Міронавіч паабяцаў праз месяц наведацца. Мясцоваму партыйнаму кіраўніцтву хапіла гэтага тэрміну, каб побач з хлеўчуком пабудаваць дом для сям’і былога разведчыка. Машэраў у названы час не прыехаў, але запрасіў Гмырака да сябе ў Мінск. Той паехаў. Праз некалькі дзён пасля вяртання яму выдзелілі аўтамабіль “Запарожац” і назначылі персанальную пенсію. Праўда, нядоўга пакарыстаўся ёю. У 60 гадоў заўчасна памёр.

Да гэтага часу Марыя ўжо цяжка хварэла. Сохла, жаўцела. Прычынай урачы лічылі вялікую колькасць аперацый па штучным перарыванні цяжарнасці. Быў час, што некалькі дзён ляжала на ложку ў непрытомнасці. Урач-тэрапеўт крычала, чаму труп не нясуць у морг, а Соф’я Адамаўна Чумак не адыходзілася ад хворай і “выцягнула” жанчыну літаральна з таго свету. Хадзіць Марыя стала, але сілы не было. Дыягназы ўрачы ў Полацку, Віцебску ставілі адзін за другім. Прафесар у Літве назначыў лячэнне печані. Усё зрабіла, як казаў, а стала яшчэ горш. Падрыхтавалася да смерці. Неяк выйшла ціхенька цёплым летнім вечарам на панадворак, села на лавачку – і раптам падыходзіць да яе незнаёмы стары. “Што, кабетка, зажурылася, – кажа, – мо, паміраць сабралася?” Пачуўшы згоду ў адказ, параіў: “Не да таго прафесара хадзіла. Ідзі да прафесара Нябеснага. А перш у Пачаева, на Украіну з’ездзі”. І пайшоў сваёй дарогай, больш яго ніколі ў Докшыцах не бачыла. Дзе тое Пачаева, куды ехаць у белы свет? Але сабралася, паехала, іншага выхаду не было. Спыніўся поезд сярод ночы на станцыі. Стаіць Марыя на рэйках у разгубленасці, і просіць Багародзіцу дапамагчы. Раптам жаночы голас з цемені раздаецца. Аказваецца, дзяўчына з Магілёва, што таксама выйшла з цягніка, якраз у Пачаева ехала, і ўжо неўпершыню. Па дарозе яна навучыла Марыю класці крыж, растлумачыла куды ісці, што рабіць. Усё выканала, але празорлівец айцец Пётр яе не прыняў, да споведзі не дапусціў. Назваў яе чалавеказабойцам.

– Я не разумела, пра што гэта ён, – расказвае Марыя Філімонаўна. – Я ж мухі ніколі не пакрыўдзіла. А ён, аказваецца, пра маіх дзетак, якім я не дала пабачыць свет. Вывернуў усё маё жыццё. Стаю перад ім чырвоная ад сораму. А ён наогул прэч адправіў. Што рабіць? Бачу: на аналоях тры старцы сядзяць. Падышла да аднаго, са слязьмі расказала пра сваю бяду. Ён навучыў, як яшчэ раз падысці да празорліўца. Аказваецца, трэба было папрасіць блаславення і сказаць, што хачу з Божай дапамогай змяніць сваё жыццё. Бласлаўленне атрымала і паехала дадому. Па дарозе пазнаёмілася са святаром, які мне потым сам у Докшыцы прывёз два экзэмпляры “Малітваслова”. Змяніць лад жыцця было нялёгка, але здолела. Трэба было маліцца, наведваць храм у суботу, нядзелю і па святах, не бегаць у кінатэатр, а я вельмі любіла індыйскія кінафільмы. Не сварыцца, не лаяцца. І вось рот закрыла на замок. У царкву першы раз ішла, азіраючыся па баках, бо было гэта ў атэістычным 1978 годзе, а потым станавілася ўсё лягчэй. І я смялела, мацнела ў сваім выбары. Пра тое, як жыла дагэтуль, забылася. Не заўважыла, як прайшла хвароба. Не ведаю яе да сённяшняга, хаця жыву на свеце ўжо 90 гадоў. Працавала яшчэ 10 гадоў пасля пенсіі афіцыянткай у сталовай. Была ў многіх храмах і манастырах. Сілы духоўнай набіралася ў Свята-Духавым манастыры. У Дзівееве атрымала блаславенне на чытанне “Псалтыра” па нябожчыках, у Пачаеве была на послуху.
У сваім больш чым паважаным узросце Марыя Філімонаўна сама ўтрымлівае сваё сціплае жыллё ў чысціні, гатуе ежу, пасціцца кожныя сераду і пятніцу. Яна лёгкая і на пад’ём, па-ранейшаму ездзіць у храмы і манастыры, кожную ноч пасля поўначы, калі адкрыты вароты Нябесныя, кладзе 12 зямных паклонаў за сваіх дзяцей, моліцца за здароўе людзей, спакой нябожчыкаў. Лёгка, без напружання, нясе крыж, які даў ёй Гасподзь.

Тамара Альшэўская.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *