В Бегомле посадили яблоневый сад

DSC00837У Бягомлі ў межах рэспубліканскага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” пасадзілі яблыневы сад. У акцыі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, старшыня Бягомльскага сельвыканкама Мікалай Трахінін, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук, старшыня ветэранскай арганізацыі г.п. Бягомль Уладзімір Герасімёнак, член раённага Савета ветэранскай арганізацыі Валянцін Якушэўскі, старшыня Моладзевай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Ілья Грыгаровіч, а таксама актывісты раённай арганізацыі БРСМ.

Перад тым, як узяць у рукі рыдлёўкі, правялі невялічкі мітынг, у час якога Валянціна Сівіцкая звярнулася да ўсіх з прывітальным словам. Яна растлумачыла сутнасць праекта, які праходзіць у мэтах патрыятычнага і экалагічнага выхавання маладога пакалення.

– Вашы прадзеды цаною неймаверных намаганняў, а часам і ўласнага жыцця заваявалі Перамогу, адстаялі мір і спакой для нашай Беларусі, – зазначыла Валянціна Уладзіміраўна. – Вам будаваць на ёй заможнае жыццё, наводзіць чысціню, ствараць прыгажосць. І гэта будзе самым лепшым помнікам у гонар гераічных спраў продкаў.

Пасля гэтага ўсе дружна ўзяліся за пасадку. Адны капалі ямкі, іншыя падвозілі ўрадлівую глебу, хтосьці нёс калочкі, каб падвязаць пакуль яшчэ кволыя саджанцы. Іншыя ўжо палівалі пасаджаныя дрэўцы. Пачуўшы вясёлы гоман, на дапамогу прыбеглі вучні Бягомльскай школы-інтэрната разам з дырэктарам Валерыем Міхайлоўскім і вельмі ганарыліся, калі ім даручалі патрымаць саджанец ці прынесці вады для паліву. Паважаныя ветэраны, зыходзячы са свайго багатага вопыту, не стамляліся даваць парады па правільнай пасадцы. Уладзімір Канстанцінавіч нагадаў, што перад самай вайной, у адну з суровых зім, фруктовыя дрэвы ў гарпасёлку вымерзлі, засталася адна грушка, пладамі якой і ласавалася ўся бягомльская дзятва. На пачатку 50-х гадоў тагачасны дырэктар саўгаса закупіў недзе саджанцаў, і школьнікі разам з дарослымі заклалі на ўскрайку Бягомля першы сад. Дачакацца не маглі, калі ён дасць першыя плады. Пазней фруктовае дрэўца на сваёй сядзібе стараўся пасадзіць кожны бягомелец.

Пакуль ветэраны ўспаміналі, сорак маленькіх яблынь былі высаджаны на пустэчы паміж школай-інтэрнатам і заводам “Ветразь”. На яблынях выбар быў зроблены невыпадкова: менавіта яблыневая кветачка на чырвона-залёным фоне з’яўляецца сімвалам праекта БРСМ, прысвечанага Дню Перамогі.

– Няма ніякіх сумненняў, што пасаджаны сад будзе цвісці і даваць плады на радасць людзям, – сказала на развітанне Таццяна Гайчук, – і гэта самы галоўны вынік нашай сённяшняй працы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: сумесная праца розных пакаленняў на карысць і радасць.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *