День памяти Ефросиньи Полоцкой отметили в Докшицкой районной детской библиотеке

IMG_2303Да дня памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай было прымеркавана мерапрыемства, якое ладзіла раённая дзіцячая бібліятэка ў рамках рэалізацыі праекта Міжнароднага грантавага конкурсу “Праваслаўная ініцыятыва 2015-2016 гг.” На своеасаблівыя духоўныя заняткі завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі з прышкольнага лагера “Казка” СШ № 2 г. Докшыцы. Каб зацікавіць дапытлівую малечу, бібліятэкар Марына Дваяжонава падрыхтавала невялічкую мультымедыйную прэзентацыю, падчас якой пазнаёміла дзяцей з самай вядомай беларускай святой. Вучні пачатковай школы ўважліва слухалі аповед пра тое, як здольная і прагная да вучэння Прадслава (менавіта так называлі асветніцу ў дзяцінстве) атрымала пры княжацкім двары свайго бацькі Святаслава добрую адукацыю. Шматлікія слаўныя жаніхі спяшаліся даслаць сватоў да прыгожай і разумнай нявесты. Але маладая князёўна адмовілася ад дынастычнага шлюбу і, насуперак волі бацькоў, тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Ефрасіння і прысвяціла жыццё служэнню Богу і свайму народу. Пасялілася яна ў келлі Сафійскага сабора ў Полацку, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і перакладала кнігі, вяла актыўную асветніцкую і міратворчую дзейнасць. На ўласныя сродкі пабудавала Ефрасіння дзве царквы і заснавала жаночы і мужчынскі манастыры. Пры іх дзейнічалі школы, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, іканапісная майстэрня. Па заказе прападобнай ігуменні Ефрасінні ювелір Лазар Богша зрабіў крыж, які пазней стаў галоўнай нацыянальнай рэліквіяй беларусаў і атрымаў назву Крыж Ефрасінні Полацкай. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэтая святыня бясследна знікла, і да гэтага часу яе месцазнаходжанне невядома. Брэсцкі майстар-ювелір Мікалай Кузьміч зрабіў дакладную копію крыжа, які цяпер захоўваецца ў Полацку.

Сёння Ефрасіння Полацкая – сімвал духоўнага служэння сваёй Радзіме, узор адданасці справе і крыніца маральнай сілы і натхнення.

Пазнаёміўшы дзяцей з біяграфіяй асветніцы і прадэманстраваўшы невялічкі фільм пра яе жыццё і дзейнасць, бібліятэкар прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства падмацаваць веды і задала некалькі пытанняў пра Ефрасінню. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна цягнулі рукі, каб адказаць (на здымку). Напрыканцы духоўнага занятку малеча з задавальненнем пазнаёмілася з аформленай выставай кніг пра беларускую святую, а некаторыя ўзялі літаратуру пачытаць дадому.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *