Играй, музыкант, чтобы сердце пело!

chast_1Стаць героем рубрыкі, якая з’явілася нядаўна на старонках раённай газеты і ўжо паспела знайсці шматлікія водгукі ў чытачоў, сёння мы запрасілі  Аляксандра Малюжанца, ураджэнца Таргуноў. Гэты чалавек многім вядомы ў нашым раёне. Шурык — менавіта так яго называюць не толькі блізкія сябры, але нават і малазнаёмыя — за 39 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці сыграў сотні вяселляў і праводзінаў. А яшчэ напісаў дзясяткі песень і, нарэшце, выпусціў дыск з дваццаццю песеннымі кампазіцыямі ва ўласным выкананні. Альбом “Как приеду в Докшицы” пабачыў свет 1 мая. Па словах Аляксандра, гэтага моманту ён чакаў вельмі доўга. 

1. – Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш лёс?

– Добра памятаю той дзень. Быў тады яшчэ малы – гадоў 5 меў. Мая бабуля Соф’я Міхайлаўна прынесла ў падарунак акардэон. З таго часу пачаў вучыцца іграць, вельмі стараўся. Хадзіў да суседзяў, якія больш-менш валодалі гэтым інструментам, прасіў, каб навучылі “грамаце”. Жыў такі Язэп у Сценцы, вядомы музыкант быў – ён таксама з ахвотай мне, малому, даваў урокі музыкі. Потым займаўся ў музычнай школе. Так з лёгкай рукі бабулі сваё жыццё прысвяціў творчасці.

2. – Работа для Вас – кар’ера ці справа?

– Я б, напэўна, сказаў крышачку інакш – гэта тое, што мне падабаецца. Музыкай цікавіўся з маленства. Дзесьці ў 6-м ці 7-м класе разам з аднадумцамі арганізаваў свой калектыў. Тады інструментаў нават не было. Памятаю, як з піянерскіх барабанаў рабілі ўдарную ўстаноўку, гітары спрабавалі выразаць з фанеры. Калі ўдавалася сабраць грошы, набывалі інструменты. Стваралі гурты “Трыал”, “Пралескі”. Апошні гурт называўся “XX век”. Раней не прынята было казаць “дыскатэка”, правільна – іграць танцы, на якіх гучала жывая музыка. Антонаў, гурты “Машына часу”, “Вясёлыя рабяты”– вось што было ў модзе. І нездарма зараз песні 70-80-х гадоў наша моладзь слухае з задавальненнем. Прыемна ўспамінаць, калі напісанай мною песняй “Ах, зима, зима, зима, что же ты наделала?” на працягу дзесяці гадоў школьны ансамбль адкрываў танцавальную праграму ў Докшыцкай СШ №1. А вядомую песню пра Докшыцы нават зараз раз-пораз чую на мабільных тэлефонах у землякоў. Адным словам, мая работа – частка жыцця, толькі не кар’ернага.

3. – Калі не музыкант, то ў якой прафесіі хацелі б сябе рэалізаваць?

– Цікаўлюся многім. Люблю аўтамабілі – магу разабраць да болціка і нанова сабраць, таму, мабыць, з мяне атрымаўся б механік. “Прымерыў” бы на сябе прафесію будаўніка, зваршчыка. Але ўсё ж такі творчасць – гэта мой канёк. У бліжэйшы час нават планую адкрыць невялічкі аддзел (там, дзе зараз “чарую” над фота і відэа) пад назвай “Докшыцкі сувенір”, дзе можна будзе набыць прадукцыю, якая нагадвала б любому чалавеку пра наш невялікі куточак — Докшыцы.

4. – Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…

– Падтрымка і стымул. Гэта мае родныя: жонка Валянціна Паўлаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Тумілавіцкай СШ, з якой пражылі разам 34 гады, мае сыны, якія выбралі таксама творчую прафесію. Асаблівае месца ў сям’і адведзена матулі – Ганне Сямёнаўне, якой ужо 87-ы год пайшоў. Наведваю яе штодня, толькі гэта не значыць, што заходжу на хвілінку. Не. Пакармлю яе, пагавару, ды і што казаць, нават паспяваем разам для настрою!

555. – Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?

– Ужо гаварыў, што ад бабулі – любоў да музыкі. Ад таты – любоў да тэхнікі, ад матулі – характар. Увогуле лічу, што ад нашых бацькоў мы павінны браць толькі самае лепшае. Спадзяюся, што і дыск з маімі песнямі стане для маіх дзяцей і ўнукаў своеасаблівай памяццю пра мяне.

6. – Які сэнс укладваеце ў паняцце Радзіма, патрыятызм?

– Пытанне складанае… Я напісаў песню пра Беларусь, якая ўвайшла ў мой альбом. Хто яе пачуе, той усё зразумее. Цытую: “А як на чужбіне другому жывецца, далёка-далёка там за мяжой? Сумуе яго беларускае сэрца, таму што не ведае ласкі тваёй”.

7. – Які ён, свет вашых захапленняў?

– Праца і ёсць маё захапленне. Люблю пажартаваць, але ў меру. Ёсць мара купіць аўтамабіль, адрэстаўраваць яго. Дарэчы, ужо давёў да ладу мікрааўтобус і гатовы выязджаць на гастролі.

8. – Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?

– Для мяне героем з’яўляецца нават той, хто здатны ахвяраваць сабою дзеля кагосьці – жыццём, нават сваім асабістым часам. Галоўнае, каб гэта было не дзеля карысці.

9. – Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?

– Яно так, але шмат сяброў, на маю думку, не можа быць. Няхай не крыўдуюць усе тыя, з кім я знаходжуся ў добразычлівых адносінах, але назаву аднаго сябра, з якім я адпрацаваў разам каля 30-і гадоў, – гэта Сяргей Гамановіч. І ён ніводнага разу не падвёў.

10. – Якімі якасцямі павінны валодаць сапраўдныя мужчыны/жанчыны? Што ў іх не прымаеце?

– У абодвух варыянтах павінны быць чалавечнымі, паважаць старэйшых, наогул, быць простымі людзьмі. Не люблю фанабэрыстасці, нахабнасці.

11. – Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?

– Вы спытайце ў любога чалавека. Думаю, кожны адкажа, што кахаў, толькі пачуццё гэта праяўляецца па-рознаму. Хтосьці любіць, а ўзаемнасці не атрымлівае і ўсё роўна шчаслівы ад таго, што можа ўбачыць каханага, нават калі адно аднаму не належаць. Калі ж пра мяне, то я шчаслівы.

12. – Любімыя колер, музыка, літаратурны твор, страва, кветкі, від спорту, пара года?

– чорны, цёмна-сіні;
– уся. Галоўнае, каб з душой і выканана было прафесійна;
– чытаю творы пра падарожжа і тыя, якія былі напісаныя ў 70-80-я гады.
– калі хочаш есці – любімае ўсё. А так люблю нашу беларускую нацыянальную кухню, асабліва клёцачкі;
– усе прыгожыя па-свойму;
– я на веласіпедзе і побач мой сябра – сабака Рэкс;
– нават не пара, а канкрэтна месяц — май. Для мяне гэта аднаўленне жыцця, ачышчэнне, запал творчасці. Адзначу, што слова “май”, як многія памылкова лічаць, паходзіць зусім не ад слова “маяцца” (маладыя нават шлюб баяцца браць у гэтым месяцы), а ад пачатку жыцця, новага, вечнага…

– Дзякуй за размову.

Гутарыла
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *