Алла Ильинична Занько проработала 39 лет педагогом в Докшицком районе

Даўно вядома: былых настаўнікаў не бывае. Мабыць, і працэнт выпадковых людзей у гэтай прафесіі мізэрны, бо хіба можна назваць выпадковымі тых, хто рабоце ў школе, нялёгкай, адказнай, без перабольшвання, самаахвярнай, прысвяціў усё сваё жыццё? Пераход да новага статусу пенсіянера, ветэрана педагагічнай працы для большасці настаўнікаў бывае складаным, нават балючым, настолькі моцна “ўрастаюць” яны ў сваю прафесію, прывязваюцца ўсёй душой да школы з яе даўнімі цудоўнымі традыцыямі, да любімых вучняў, да таго жыцця, якое з году ў год рэгулюецца, дзеліцца на часавыя адрэзкі школьнымі званкамі. Якімі ж клопатамі, захапленнямі, падзеямі напоўнена жыццё педагога на заслужаным адпачынку? Каб атрымаць адказ на гэта пытанне, з задавальненнем наведваемся ў вёсачку Дзедзіна да настаўніцы пачатковых класаў Тумілавіцкай сярэдняй школы б 123 (на здымку), чый працоўны стаж налічвае 39 гадоў.
Аб працоўнай дзейнасці гэтай абаяльнай, шчырай і сардэчнай жанчыны, ад першага погляду на якую разумееш, што для дзетак-пачаткоўцаў яна была, без залішняга пафасу, другой мамай, неаднаразова пісала і наша газета, і абласныя. Настаўніца ад Бога, Ала Ільінічна атрымала ў спадчыну ад сваёй маці Яўгеніі Рыгораўны Карніловіч, якая таксама вучыла пачаткоўцаў, стараннасць, творчы падыход да справы, апантанасць у працы і сэрца, напоўненае цеплынёй і любоўю да сваіх маленькіх выхаванцаў. А выпускаў у настаўніцы за час работы спачатку ў Дзедзінскай, а затым ужо ў Тумілавіцкай школах дзясятак набярэцца. Жаданне вучыць, перадаваць набытыя веды, мабыць, мае пад сабой нейкую генную аснову, бо настаўніцамі, нягледзячы на матуліны адгаворы, сталі абедзве дачкі – Наталля і Таццяна, а таксама пляменніца Вольга. І – хто ведае? – можа, педагагічная дынастыя прадоўжыцца ўжо ў чацвёртым пакаленні, калі падрастуць унукі.
– “Адарвацца” ад школы, – распавядае Ала Ільінічна, – дапамагло тое, што я не асела адразу дома, у хатніх справах, а стала працаваць сацыяльным работнікам, і незаўважна аддала гэтай справе шэсць гадоў. Маім новым падапечным, пажылым людзям, як і дзецям, патрэбна не столькі дапамога фізічная, колькі ўвага, клопат, разуменне, спагада і цеплыня. Яны чакалі мяне больш для таго, каб пагаварыць, падзяліцца навінамі, расказаць пра сваё жыццё, параіцца, і кожнаму хацелася, каб я затрымалася даўжэй. Таму прафесія гэта ў нечым падобная да настаўніцкай: трэба быць і добрым псіхолагам, і цярплівым, тактоўным чалавекам, і мудрым дарадцам. Але зусім нядаўна я развіталася і з гэтай сферай дзейнасці: пачала стамляцца, а працаваць абы-як ніколі не ўмела і не дазваляла сабе. Таму зараз я вольная птушка (смяецца), магу ляцець, куды захачу.
Як высветлілася, “палёты” жанчыны адбываюцца ў розных напрамках. Не даюць забыцца на тое, чаму было прысвечана жыццё, унукі: з імі Ала Ільінічна здаравее і маладзее. Лес, які зусім блізенька, акрамя грыбоў ды ягад, збіраць якія мая суразмоўца вялікая аматарка, дае добры настрой і жыццёвыя сілы. Агарод – якая ж вясковая жанчына, няхай і інтэлігентная, без яго? І кветкі – асаблівая радасць і натхненне. Вулічныя і пакаёвыя, цэлая аранжарэя. Добрыя кнігі – урэшце з’явіліся магчымасці і час перачытаць любімае і азнаёміцца з навінкамі. Наведванне храма ў Тумілавічах дае супакаенне, ачышчае і напаўняе жыватворным святлом. І сувязь са школай, дзе Алу Ільінічну настаўнікі і вучні чакаюць, рады бачыць заўжды.
– Атрымліваю запрашэнні амаль на ўсе святы, што там праходзяць, і стараюся абавязкова іх наведваць – гэта для мяне радасць. Жыццё прадаўжаецца, я не адчуваю сябе “за бортам”: занятак па душы, і не адзін, можна знайсці заўсёды – у свеце столькі цікавага!
І ў праўдзівасці гэтых слоў няма ніякага сумнення: чалавеку энергічнаму, з рознабаковымі інтарэсамі, маладому душой сумаваць не давядзецца ніколі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *