День Знаний прошел в Докшицких школах

IMG_1915 IMG_1489Верасень – асаблівы месяц. Ён пачатак новага года, навучальнага. Самым запамінальным ён становіцца, напэўна, для ўчарашніх дашкалят, якія з 1 верасня набываюць новы статус першакласнікаў. У СШ № 1 г. Докшыцы сёлета першы раз у першы клас пайшло 65 дзетак. Сярод паважаных гасцей на ўрачыстай школьнай лінейцы былі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе Уладзімір Андрэйчанка, старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук і яго намеснік Валянціна Рандарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка.
Разам з бацькамі і педагогамі хвалявалася за першакласнікаў дырэктар школы Наталля Фурсевіч, якая пажадала, каб шлях кожнага вучня быў светлым, заняткі – пазнавальнымі, падручнікі – цікавымі, а школьнае сяброўства – самым моцным. Выпускнікам далі наказ быць энергічнымі і мэтанакіраванымі: толькі адзін год аддзяляе іх ад дарослага жыцця, і час гэты павінен стаць самым плённым.
Ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў павіншаваў прысутных са святам Алег Пінчук. Старшыня райвыканкама пажадаў усім узаемапаразумення і ўручыў школе каштоўны падарунак – тэлевізар.
– 1 верасня – свята народнае, – адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. – Будучыня нашай краіны залежыць ад усіх вас, дарагія вучні. Для першакласнікаў школа – гэта не толькі літары і лічбы, а яшчэ і знаёмства з нязведаным навакольным светам. Вялікая адказнасць за выхаванне будучага пакалення ўскладваецца на настаўнікаў. Вам, педагогі, здароўя, цярпення і мудрасці!
Прыемным падарункам ад Уладзіміра Андрэйчанкі для СШ № 1 г. Докшыцы стаў камп’ютарны клас. Па традыцыі першакласнікі атрымалі падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – кнігі “Беларусь – наша Радзіма”.
Песнямі і танцамі віталі прысутных самыя маленькія вучні школы. Словы падтрымкі пачулі яны ў свой адрас ад настаўніцы Ірыны Даўжонак. Разам з першакласнікамі збіралі ранец міфічны ахоўнік школы дамавік Нафаня і знаёмыя дзецям мультгероі фіксікі.
І вось ён, самы кранальны момант свята: першы званок, які залівіста празвінеў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Яго далі вучаніца 1 класа Ганна Падляшчук і вучань 11  класа  Глеб Ляскоўскі.

Увечары святкаванне Дня ведаў працягнулася на плошчы ля ГЦК урачыстым шэсцем першакласнікаў і выпускнікоў абедзвюх гарадскіх школ. З віншавальнымі словамі звярнуўся да ўсіх начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Парцянка. Па традыцыі, якая з’явілася ў мінулым годзе, выпускнікі ўручылі першакласнікам сімвалічны ключ ведаў ад школьных дзвярэй. Вучні СШ № 1 і № 2 сталі ўдзельнікамі святочнага канцэрта: сваім талентам яны з задавальненнем дзяліліся са шматлікімі гараджанамі, якія прыйшлі на мерапрыемства. Для дзяцей былі арганізаваны забаўляльныя пляцоўкі.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

2 комментариев для “День Знаний прошел в Докшицких школах

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *