Много объединений по интересам в Докшицком районе

IMG_2008Калі ваша дачка гадзінамі танцуе ля экрана тэлевізара, а маленькі сын марыць упраўляць самалётам ці касмічным караблём, калі любімыя захапленні вашых дзяцей – размалёўванне шпалераў або гучныя спевы ў скакалку замест мікрафона, то вам абавязкова трэба зазірнуць у раённы Цэнтр дзяцей і моладзі. Менавіта ў гэтай установе дадатковай адукацыі вашым нашчадкам не толькі дапамогуць спраўдзіць іх мары, але і развіць творчыя здольнасці, а таксама набыць тэхнічныя, турыстычныя, спартыўныя навыкі.
Для дзяцей рознага ўзросту ў ЦДіМ на сённяшні дзень дзейнічаюць шмат аб’яднанняў па інтарэсах. Авіямадэльны гурток, картынг, клуб “Турыст”, гурткі па шашках і шахматах, вакальныя студыі і харэаграфічныя калектывы, гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва – гэта невялікі пералік аб’яднанняў, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі звычайна з задавальненнем бавяць свой вольны час. Як вынік зладжанай работы педкалектыву і вучняў – заваяваныя ў мінулым навучальным годзе 37 дыпломаў рознага ўзроўню ў шматлікіх аглядах, конкурсах, выставах і фестывалях. З іх 18 – абласных, 13 – рэспубліканскіх, 6 – міжнародных. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі творчых спаборніцтваў былі вучні СШ № 1 і № 2 г. Докшыцы, Парплішчанскай, Крулеўшчынскай, Параф’янаўскай, Бягомльскай СШ. Таксама ў ЦДіМ ідзе ўкараненне ў адукацыйны працэс сучасных тэхналогій навучання, за што ўстанова адукацыі названа лепшай у вобласці. На раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі калектыў цэнтра быў адзначаны як лепшы ў сферы адукацыі.
У мінулым годзе вялікай папулярнасцю карысталіся такія новаўвядзенні ЦДіМ, як школы ранняга развіцця. Сёлета яны працягваюць сваю работу. З дашкалятамі 4 – 6 гадоў, якіх аб’яднае школа “Непаседы”, праводзяцца заняткі па выяўленчым мастацтве, харэаграфіі, музыцы і спевах. За год навучання маленькія артысты паспелі выступіць на гарадскіх мерапрыемствах і заваяваць сімпатыі гледачоў не толькі сваёй непасрэднасцю, але і талентам. Дзейнічае ў раённым ЦДіМ цэнтр “Пазнайка”, у якім праводзяцца заняткі па падрыхтоўцы дзяцей 5 – 6 гадоў да школы. Галоўная мэта навучання – усебаковае развіццё і комплексная падрыхтоўка дзяцей да школы. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-26-90.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: харэаграфічны калектыў раённага ЦДіМ “Зорачка”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *