Руслана Якубович не приемлет равнодушия к работе в Бегомльском лесхозе

IMG_1964Учора, на святочнай урачыстасці з нагоды Дня работнікаў лесу і 80-годдзя ўтварэння Бягомльскага лясгаса, Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта была ўзнагароджана Руслана Якубовіч, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”.

– Падмурак у будучую прафесію мне заклаў бацька Анатоль, – цвёрда і ўпэўнена сцвярджае Руслана Якубовіч і працягвае:
– Гледзячы, як ён не проста працаваў у лясгасе, а ўсім сэрцам любіў справу, я пакрысе таксама прыкіпела душою да лесу і прыроды. А таму пасля заканчэння Бягомльскай школы надта не вагалася перад выбарам і паступіла на лесагаспадарчы факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Тэарэтычная вучоба ў студэнткі Русланы ішла без асаблівых цяжкасцей, а з практычных заняткаў, падчас якіх студэнты выязджалі ў вопытныя лясгасы рэспублікі, яна вярталася з пэўным багажом практычных ведаў. Так праляцела некалькі курсаў. А потым дзяўчыне выпала знайсці сваё жаночае шчасце. Алег (будучы галоўны інжынер Бягомльскага лясгаса) вучыўся з ёй у адным універсітэце. Студэнцкае каханне пакрысе прывяло да шлюбу і жыцця дарослага, самастойнага. Маладая пара перавялася на завочнае і прыехала працаваць на малую радзіму Русланы. Абое пачыналі з першых прыступак майстраў і за сямнаццаць гадоў выраслі ў прафесіяналаў лясной справы з адпаведнымі пасадамі.
– Здаецца, толькі прыйшлі на працу, а ўжо праляцела так шмат часу, – разважае Руслана Якубовіч. І, нягледзячы на складанасці, якія ўзнікаюць, напэўна, у кожнага, я ніводнага разу не пашкадавала, што звязала жыццё з лясной гаспадаркай. За гэты час у справе лесаўзнаўлення былі зроблены значныя крокі да паляпшэння пароднага і ўзроставага складу лясоў, павышэння іх прадукцыйнасці і эфектыўнага выкарыстання рэсурсавага патэнцыялу. Канечне, не ўсё атрымлівалася адразу, аднак асабліва я – чалавек прынцыповы і настойлівы ў дасягненні мэты ды і калегі хварэюць за справу не менш. Згадваю, як некалькі гадоў таму ўвесь наш аддзел пакрысе насцярожана аднёсся да стварэння падсістэмы актуалізацыі ляснога фонду і ўкаранення ў лясгасе праграмнага забеспячэння “Софт. Сэрвіс: Лясная гаспадарка”. Набіўшы першыя “шышкі”, усе мы праграмай авалодалі. Затое зараз гэта значна палегчыла працэс апрацоўкі банка дадзеных па лесагаспадарчай дзейнасці.
З гонарам начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення расказвае і пра буйны гадавальнік, які Бягомльскі лясгас стварыў у ліку першых у вобласці (у мінулым годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё аб’екта). Акрамя звыклых спосабаў вырошчвання пасадачнага матэрыялу, у спецыяльных цяпліцах лясгас асвоіў фінскую тэхналогію лесаўзнаўлення. Усё гэта дазволіла адысці ад практыкі існавання міні-гадавальнікаў пры лясніцтвах і не толькі задаволіць уласныя патрэбы ў насенным матэрыяле, але і ажыццяўляць яго продаж.
На пытанне, каму з лясной гаспадаркай лепш не звязваць свой прафесійны лёс, Руслана Якубовіч, падумаўшы, адказвае: “Людзям абыякавым да лесу.” І ўдакладняе, што некалькі разоў сустракала такіх спецыялістаў, якім не цікава тое, чым займаюцца. У такім выпадку прафесію лепш змяніць. Радуюць начальніка аддзела спецыялісты, якія некалькі гадоў таму прыйшлі пасля тэхналагічнага ўніверсітэта на працу. Па іх пытаннях, жаданні ведаць звыш таго, што патрэбна на першых этапах працы, начальнік аддзела робіць выснову, што, нягледзячы на юны ўзрост, яны вырастуць у прафесіяналаў лясной гаспадаркі.
І Руслана, і яе муж Алег лясную дынастыю працягнулі. Ці пойдзе па слядах дзеда і бацькоў іх сын, адзінаццацікласнік Ілья, пакажа час і ўласнае жаданне маладога чалавека. Хаця кожнае лета ён разам з іншымі старшакласнікамі мясцовай школы старанна працуе на гадавальніку, а потым дома з гонарам расказвае пра карысную справу, якой займаецца. Матулю радуе той факт, што любоў да зямлі і прыроды перададзена і сыну, і малодшай дачушцы Якубовічаў Устыне.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *