Декрет №18. Обезопасить детей от негативных влияний

IMG_2270 IMG_2543У раёне рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Раённая камісія па справах непаўналетніх працуе сумесна з усімі зацікаўленымі структурамі, супрацоўнікі якіх кожны тыдзень становяцца ўдзельнікамі вячэрніх выязных рэйдаў. Іх галоўная мэта – прафілактыка супрацьпраўных дзеянняў у падлеткавым і моладзевым асяроддзі.
Падчас выездаў у той ці іншы сельсавет, рэйдавая камісія не толькі заходзіць па вызначаных адрасах і правярае становішча паднаглядных сем’яў, але і правярае занятасць дзяцей у вольны ад школьных заняткаў час.
Падчас нядаўняга выязнога рэйду па Тумілавіцкім с/с камісія пабывала ва ўсіх установах культуры і адукацыі дадзенай мясцовасці. У Таргуноўскім СДК для хлопчыкаў і дзяўчынак створаны “Фальклорны дзіцячы гурток”, удзельнікамі якога з’яўляюцца восем зацікаўленых народнай творчасцю дзяцей. Дванаццаць падлеткаў наведваюць “Гурток юнага фалькларыста”, які дзейнічае ў Тумілавіцкай ДС-СШ. Падчас рэйду камісія трапіла на занятак “Сялянская праца ў прыказках, прымаўках і загадках” (здымак 1).
Тумілавіцкі клуб-бібліятэку наведваюць 42 чытача-школьніка. Тут жа ў мінулым годзе адкрыўся музычны клас: сёлета адзінаццаць мясцовых дзетак вучацца іграць на акардэоне і фартэпіяна. Дваццаць сем хлопчыкаў і дзяўчынак цікавяцца літаратурай у Несцераўшчынскай бібліятэцы-клубе.
З пачатку гэтага навучальнага года для падлеткаў, схільных да дэвіянтных паводзін, і тых, хто стаіць на прафілактычным уліку, пры камісіі па справах непаўналетніх створаны клуб “Падлетак”. Яго наведваюць шаснаццаць дзяцей. Кожную нядзелю для іх ладзяцца цікавыя карысныя мерапрыемствы, для правядзення якіх далучаюцца розныя службы і арганізацыі горада. У мінулую нядзелю хлопчыкі і дзяўчаты больш цесна пазнаёміліся са службай пажарных-выратавальнікаў (здымак 2). Яны прымяралі спецыяльныя касцюмы, вывучалі пажарную тэхніку, знаёміліся з правіламі паводзінаў у крытычных сітуацыях. Напрыканцы сустрэчы дзеці наперабой адказалі на пытанні супрацоўнікаў РАНС, чым замацавалі атрыманыя веды асабістай бяспекі.
У арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў клуба “Падлетак” актыўны ўдзел прымаюць інспекцыя па справах непаўналетніх, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, РАНС. У наступныя выхадныя дзяцей чакае сустрэча з мастацтвам, якую арганізуе Докшыцкая ДШМ.

Тэкст і фота
Яўгеніі Малевіч.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *