Докшичанка Наталья Будич была отмечена областной премией

IMG_2591Сёлета на традыцыйнай урачыстасці ў гонар шматдзетных маці, якая штогод прымяркоўваецца да свята 14 кастрычніка і праводзіцца ў аблвыканкаме, дакшычанка Наталля Будзіч была адзначана абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанка. 

Цікава, што атрыманне высокай узнагароды супала з датай стварэння сям’і Будзічаў: сёлета яна адсвяткавала 22 гады сумеснага жыцця. Самым жа вялікім і каштоўным скарбам Наталля і Алег лічаць сваіх траіх сыноў. Старэйшы, Яўген, ужо сам зарабляе на хлеб: працуе эканамістам у райста. Сярэдні, Іван, не раз быў героем артыкулаў раённай газеты – ён вельмі таленавіты юнак, творчыя работы якога заўсёды здзіўляюць сваёй прыгажосцю і высокім мастацкім выкананнем. Малодшы, Дзяніска, сёлета пайшоў у першы клас.

– Нашы сыны ўсе розныя, кожны цікавы па-свойму, і гэта я кажу не толькі таму, што я маці, – сцвярджае Наталля. – На гэта звяртаюць увагу блізкія і нават проста знаёмыя людзі. Яўген з маленства захапляецца тэхнікай. Ён і сёння гадзінамі можа сядзець за разборкай і зборкай сучасных гаджэтаў. Дзяніс – гэта наш “энерджайзер”. Шустры, кемлівы, цікаўны, вельмі любіць танца­ваць. Дома мы яго так і называем — “наш артыст”. Асаблівы гонар сям’і – Ваня. Яго творчымі работамі ўпрыгожаны ўвесь наш вялікі дом. Яшчэ маленькім хлопчыкам аддалі яго ў студыю малявання раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, а настаўніца Марына Каляда разгледзела ў ім талент. Зараз ён навучэнец Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. У гэтым годзе за выдатныя поспехі ў вучобе яму пашчасціла пабы­ваць з экскурсіяй у Латвіі.

Творчыя здольнасці дзяцей не сталі выпадковасцю. Сама Наталля вельмі любіць спяваць, але саромеецца, таму яе музычныя здольнасці на слыху толькі ў блізкіх і родных. А вось уменне вязаць ацэньваецца і проста знаёмымі: яе карункавыя вырабы, зробленыя шыдэлкам, часта прыцягваюць увагу сябровак. Рэчы, якія ім спадабаліся, жанчына з задавальненнем дорыць.

Наталля – аператар паштовай сувязі на Докшыцкім АПС. Трапіла працаваць на пошту выпадкова, але за 25 гадоў настолькі палюбіла сваю работу, што іншай і не ўяўляе.

– Я з катэгорыі тых шчаслівых людзей, якія ў добрым настроі спяшаюцца раніцай на працу, а ўвечары бягуць дадому, да сям’і, – усміхаецца маладая жанчына. – Наша сям’я – наша крэпасць, у якой галоўная абарончая зброя – любоў. Менавіта на гэтым добрым і моцным пачуцці і выхоўваюцца нашы дзеці.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *