Международный день школьных библиотек празднуют в Докшицком районе

IMG_2622У многіх краінах свету чацвёрты панядзелак кастрычніка адзначаецца як Міжнародны дзень школьных бібліятэк. Сёлета свята выпала на 24 кастрычніка. Школы нашага раёна па-свойму падрыхтаваліся да гэтага дня.

Старажытны філосаф Арыстып сказаў: “Вучоны – гэта не той, хто шмат чытае, а той, хто чытае з карысцю”. У адпаведнасці з гэтай думкай грэчаскага мысліцеля і каардынуе работу школьнай бібліятэкі Зоя Крыкун, якая кіруе “скарбонкай мудрасці” ў СШ № 2 г. Докшыцы.

– Школьная бібліятэка – гэта не толькі склад падручнікаў і метадычнай літаратуры для настаўнікаў, – разважае Зоя Мікалаеўна. – Гэта яшчэ і найлепшы памочнік у выхаваўчай рабоце вучняў.
Фарміраванне цікавасці да кнігі, выхаванне культуры чытання, развіццё творчага мыслення – вось асноўныя задачы ў дзейнасці любой бібліятэкі. У школьнай да таго ж вялікая ўвага надаецца пазашкольнаму часу вучняў. Акрамя лекцыйных заняткаў па экалогіі, духоўна-маральнай, патрыятычнай тэматыцы, для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізуюцца цікавыя гульні. Напрыклад, сучасная квэст-гульня знайшла шмат прыхільнікаў сярод вучняў. Рэгулярна праводзіцца анкетаванне, якое дапамагае ў рабоце бібліятэкара.

– Тое, што дзеці не наведваюць бібліятэку, не азначае, што яны не чытаюць, – сцвярджае Зоя Мікалаеўна. – Менавіта такія дадзеныя мы атрымалі падчас апытання вучняў нашай школы. У некаторых хлопчыкаў і дзяўчынак дома ёсць шыкоўныя кнігазборы.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца ў вучняў такія мерапрыемствы, як акцыя “Падары бібліятэцы кнігу”, “Тыдзень кнігі”. Не застаюцца па-за ўвагай тэматычныя бібліятэчныя паліцы “Гімн кнізе”, на якіх размешчана літаратура пра гісторыю друкарства, “За духоўнае адраджэнне”, “Беларусь літаратурная”, “Юным аматарам прыроды”. Ганарыцца Зоя Мікалаеўна сабранымі ў бібліятэцы так званымі “рарытэтамі” – кнігамі, якія выйшлі з друку пяцьдзясят гадоў таму і больш. Ёсць у бібліятэцы медыятэка: некаторыя літаратурныя творы можна не толькі прачытаць, а і праслухаць.

У сваё прафесійнае свята ўсе школьныя бібліятэкі раёна працуюць у спецыяльным рэжыме. Напрыклад, у СШ № 1 г. Докшыцы панядзелак быў аб’яўлены днём самакіравання, падчас якога ролю бібліятэкараў выканалі старшакласнікі. Вучні 5 “Б” класа арганізавалі кніжную лякарню. Запамінальным стала тэатралізаванае пасвячэнне ў чытачы маленькіх другакласнікаў, якое падрыхтавала загадчыца школьнай бібліятэкі Ала Закалінская.
У Парплішчанскай СШ вучні 5-7 класаў трапілі ў “Завочнае падарожжа па Нацыянальнай бібліятэцы”. Песнямі і танцамі, беларускімі абрадамі і святамі быў напоўнены “Этнаграфічны калаж”, які разам з дзецьмі правяла школьны бібліятэкар Ларыса Сауліч.

Пад кіраўніцтвам бібліятэкара Бярозкаўскага ДС-СШ Вольгі Зорыч вучні малодшых класаў пабывалі ў цікавым падарожжы “Па старонках дзіцячых кніг”, а таксама паўдзельнічалі ў творчым конкурсе ілюстрацый. Вучняў старэйшых класаў чакае на гэтым тыдні пазакласнае мерапрыемства “Аптэка для душы”.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *