1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом

im23Сусветны дзень барацьбы са СНІДам упершыню адзначаўся 1 снежня 1988 года пасля таго, як на сустрэчы міністраў аховы здароўя ўсіх краін прагучаў заклік да сацыяльнай цярпімасці і пашырэння абмену інфармацыяй па ВІЧ-СНІДзе.

Адзінае выратаванне ад ВІЧ-інфекцыі сёння – гэта прафілактыка. Для больш шырокага ахопу насельніцтва прафілактычнымі мерамі кожны чалавек на планеце павінен мець свабодны доступ да інфармацыі пра ВІЧ-СНІД, што дазволіць пазбегнуць негатыўных адносінаў да ВІЧ-інфіцыраваных.

Па гэтай праблеме наша размова з урачом-эпідэміёлагам РЦГіЭ Ганнай Трашчанка:

– У Віцебскай вобласці па стане на 1 лістапада зарэгістравана 1177 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, – 939, паказчык распаўсюджанасці складае 78,7 на 100 тыс. насельніцтва. У параўнанні з мінулым годам ён павялічыўся.

Сёлета ў вобласці было выяўлена яшчэ 100 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. На сённяшні дзень у нашым раёне зарэгістравана 11 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

– Ганна Казіміраўна, які час вірус можа знаходзіцца ў арганізме чалавека, а ён пра гэта нават не будзе ведаць?

– З моманту заражэння да клінічных праяўленняў вострай інфекцыі альбо выпрацоўкі антыцел у сярэднім праходзіць ад 3 тыдняў да 3 месяцаў. Так званая стадыя інкубацыі. У гэты перыяд магчыма выяўленне вірусу метадам ПЦР (палімеразнай ланцуговай рэакцыі). Шматгадовы бессімптомны перыяд захворанасці можа доўжыцца 7–9 гадоў. Пра з’яўленні ў чалавека другой стадыі першасных праяўленняў сведчаць наяўнасць такіх інфекцый, як туберкулёз, вірусныя і грыбковыя інфекцыі.

– ВІЧ-інфіцыраваныя – гэта ў асноўным моладзь?

– За ўвесь перыяд назіранняў па ўзроставых групах насельніцтва па Віцебскай вобласці ўзрост інфіцыраваных вірусам у сярэднім 30-34 гады (253 выпадкі), 25-29 гадоў (229), 20-24 гады (194), 35-39 гадоў (187).
– Нагадайце, калі ласка, пра шляхі перадачы вірусу, а таксама раскажыце, у якіх выпадках не трэба баяцца яго.

– Вірус перадаецца пры палавых кантактах, праз кроў пры выкарыстанні брудных іголак і шпрыцоў для ўвядзення наркотыкаў, агульных інструментаў для галення, нанясенні татуіровак. А таксама ад інфіцыраванай маці дзіцяці ў час цяжарнасці і родаў, пры кармленні.

Думкі пра тое, што вірусам можна заразіцца пры звычайным бытавым кантакце, неабгрунтаваныя і памылковыя. Даказана, што ВІЧ не перадаецца: пры рукапацісканні ці абдымках, у грамадскім транспарце, пры кашлі і чыханні, праз пот і слёзы, пры сумесным выкарыстанні посуду і пасцельнай бялізны, праз укусы жывёл і насякомых. Бяспечным з’яўляецца і плаванне ў адным басейне з хворым.
– Ці можна ў нашым раёне прайсці абследаванне на ВІЧ ананімна і даведацца пра свой статус?

– Канечне. Для гэтага трэба звярнуцца ў кабінет № 35 ЦРБ і прайсці бясплатнае ананімнае добраахвотнае абследаванне.

– Скажыце, ці ёсць лекі, якія дапамогуць інфіцыраванаму пражыць доўгае і шчаслівае жыццё?

– Так, гэта антырэтравірусная тэрапія, якая дапамагае палепшыць якасць жыцця. Своечасова пачаўшы лячэнне такімі прэпаратамі і выконваючы ўсе ўказанні ўрача, людзі з ВІЧ могуць пражыць доўга і паўнацэнна.

Пытанні задавала Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *