Произошло изменение ряда условий продажи жилья, находящегося на балансе сельхозорганизаций Докшицкого района

Gorodec-02Згодна з Указам №97 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” ад 15 сакавіка 2016 года і Рашэннем Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў “Аб некаторых пытаннях куплі-продажу жылых дамоў (кватэр) сельскагаспадарчых арганізацый, якія знаходзяцца ва ўласнасці  Докшыцкага раёна” ад 22 сакавіка 2016 года, адбылося змяненне шэрагу ўмоў продажу жылля, якое знаходзіцца на балансах сельгасарганізацый, а таксама сельскагаспадарчых структурных падраздзяленняў іншых юрыдычных асоб. Аб асаблівасцях продажу гэтага жылля гутарым з начальнікам аддзела планавання, уліку і рэфармавання ўпраўлення райсельгасхарчу Марынай Клімовіч.

– Марына Эдуардаўна, на якія арганізацыі і падраздзяленні распаўсюджваюцца дзеянні Указа №97?
– На дзяржаўныя сельскагаспадарчыя арганізацыі (камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы), а таксама на сельскагаспадарчыя арганізацыі прыватнай формы ўласнасці – адкрытыя акцыянерныя таварыствы. У адпаведнасці з нормамі дадзенага ўказа сельгасарганізацыі могуць прадаваць заселеныя і незаселеныя жылыя дамы (кватэры) камерцыйнага і сацыяльнага прызначэння, пабудаваныя: за кошт уласных сродкаў; з прыцягненнем ільготнага крэдыту ААТ “Белаграпрамбанк”, які яшчэ не выплачаны; з прыцягненнем ільготнага крэдыту таго ж банка, які ўжо пагашаны; з прыцягненнем сродкаў мясцовых бюджэтаў, мясцовых мэтавых бюджэтных жыллёва-інвестыцыйных фондаў.
У сельгасарганізацыях прыватнай формы ўласнасці ўказ распаўсюджваецца на заселеныя і незаселеныя жылыя памяшканні, пабудаваныя за кошт ільготных крэдытаў ААТ “Белаграпрамбанк” або з іншай дзяржпадтрымкай. На жылыя дамы, пабудаваныя сельгасарганізацыямі прыватнай формы ўласнасці за кошт уласных сродкаў, дзеянні нормаў указа не распаўсюджваюцца.
– Якія льготы і правілы прадугледжваюцца пры продажы заселенага жылля?
– Устаноўлены льготныя ўмовы набыцця работнікамі сельгасарганізацый жылля, пабудаванага за ўласныя сродкі гаспадарак (за выключэннем арганізацый прыватнай формы ўласнасці) і крэдыт на якія пагашаны, а менавіта:
– растэрміноўка без выплаты першапачатковага ўзносу кошту жылля (дома, кватэры) на 20 гадоў;
– пагашэнне запазычанасці адбываецца на працягу ўстаноўленага перыяду роўнымі часткамі, плацяжы не падлягаюць індэксацыі;
– грошы ад выплаты належнага кошту паступаюць на адрас сельгасарганізацый.
Грамадзяне, якія жывуць у дамах, кватэрах сельгасарганізацый і на момант уступлення ў дзеянне Указа №97 не працуюць у дадзеных арганізацыях, будуць ажыццяўляць выплаты за набытае жыллё непасрэдна сельгасарганізацыям у растэрміноўку на тры гады, таксама без індэксацыі плацяжоў і ўнясення першапачатковага ўзносу, штомесячна роўнымі часткамі.
Што датычыць жылых памяшканняў, па якіх сельгасарганізацыямі не пагашаны льготны крэдыт, то толькі работнікі гэтых арганізацый, на якіх пераводзіцца крэдыт, набылі права выплачваць яго ў растэрміноўку да 40 гадоў пад 1% гадавых. Такія выплаты адбываюцца ў банку і складаюць частку цаны продажу. Другая частка цаны ў суме, роўнай розніцы паміж цаной жылля і нявыплачаным ільготным крэдытам, пералічваецца гаспадаркам на працягу 20 гадоў роўнымі часткамі без індэксацыі плацяжоў. Варта адзначыць, што ўсе грамадзяне маюць права зрабіць выплаты гаспадаркам і банку датэрмінова.
Продаж заселенага жылога дома або кватэры можа быць праведзены наймальніку, або з яго згоды паўналетняму члену яго сям’і, або іншым грамадзянам, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам маюць аднолькавае з наймальнікам права валодання і карыстання гэтым жыллём.
Для атрымання права на набыццё жылля на льготных умовах Указам №97 устаноўлены неабходны стаж работы грамадзяніна ў канкрэтнай гаспадарцы – не большы за 15 гадоў. Рашэннем Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў стаж работы ў арганізацыях камунальнай уласнасці павінен быць не меншым за 10 гадоў, у акцыянерных таварыствах вышэйшы орган – сход – вызначае неабходны стаж, які не павінен перавышаць 15 гадоў.
– Які механізм разліку цаны жылых памяшканняў?
– Пры продажы грамадзянам жылых памяшканняў, уключаючы гаспадарчыя збудаванні і элементы добраўпарадкавання, цана вызначаецца па ацэначным кошце і не павінна быць вышэйшай за рыначную, але пры гэтым не павінна быць і ніжэйшай за балансавы (першапачатковы) кошт на 1 студзеня года, у якім прадаецца жыллё.
– Работнік, звольнены з сельгасарганізацыі раней агаворанага тэрміну, ільготамі карыстацца не зможа?
– Згодна з Указам №97, каб выплачваць кошт жылля на льготных умовах, работніку неабходна працягваць працаваць у сельгасарганізацыі не менш за 15 гадоў. Але дапускаецца звальненне з захаваннем ільгот і раней: пры звальненні па артыкулах, не звязаных з учыненнем дысцыплінарнага праступку або жаданнем самога работніка (напрыклад, звальненне ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, скарачэннем штату работнікаў, немагчымасцю выконваць свае абавязкі з-за хваробы або інваліднасці, у сувязі з выхадам на пенсію і г.д.).
Калі ж работнік будзе звольнены на падставе, прызнанай дыскрэдытуючымі абставінамі, а гэта звальненне згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта РБ №5 (напрыклад, за прагул (у тым ліку за адсутнасць на рабочым месцы больш за тры гадзіны на працягу рабочага дня) без уважлівых прычын, выхад на работу ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення і інш.), а таксама на падставах, указаных у пунктах 1,2 і 4 часткі другой артыкула 35, артыкуле 40 і пункце 3 артыкула 42 Працоўнага кодэкса РБ (звальненне па пагадненні бакоў або па жаданні работніка, пасля заканчэння дзеяння тэрміновага кантракта, перавод работніка да іншага наймальніка, неадпаведнасць займаемай пасадзе па прычыне недастатковай кваліфікацыі і г.д.), то ў дадзеным выпадку льготныя ўмовы выплаты за жыллё для яго перастануць дзейнічаць. Частку кошту жылля, якую грамадзянін павінен гаспадарцы, давядзецца выплаціць не за 20 гадоў, а за 3 гады. Крэдыт банку з моманту звальнення работнік павінен будзе выплачваць не пад 1% гадавых, а па стаўцы рэфінансавання – сёння гэта 18% гадавых.
Звальненне работніка пасля агаворанага тэрміну працы ў арганізацыі, але па дыскрэдытуючых абставінах на ўмовы выплаты крэдыту ў памеры 1% гадавых не ўплывае, але суму, якая належыць гаспадарцы, такі работнік павінен унесці на працягу 3 гадоў.
– Марына Эдуардаўна, што прадугледжваецца пры продажы незаселенага жылля?
– Продаж незаселенага жылля будзе, у першую чаргу, ажыццяўляцца для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сельгасарганізацыях. Пры адсутнасці пакупнікоў з гэтай катэгорыі грамадзян арганізацыя мае права прадаць незаселеныя жылыя памяшканні ахвотным грамадзянам на аўкцыёне з пачатковай цаной, роўнай ацэначнаму кошту жылых памяшканняў, разлічанай індэксным метадам. Пры гэтым ацэначны кошт вызначаецца сельгасарганізацыяй самастойна або арганізацыяй-ацэншчыкам.
Калі аўкцыён прызнаны неправедзеным, адбываюцца паўторныя аўкцыёны па продажы жылога памяшкання з паніжэннем цаны кожны раз на 10%. Такім чынам, цана на жыллё можа ўпасці да 90% ад першапачатковай. Калі ж на аўкцыён з’явіўся толькі адзін удзельнік, першапачатковая цана павышаецца на 5%.
– Якія дакументы неабходны для продажу і набыцця жылля?
– Для аператыўнасці сельгасарганізацыям дазволена прымаць рашэнні аб продажы аднакватэрных жылых дамоў пры наяўнасці толькі ведамасці тэхнічных характарыстык і адсутнасці тэхнічнага пашпарта, акта на зямлю, пасведчання аб рэгістрацыі у Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці, права на яе і здзелак з ёй.
Рэгістрацыя стварэння названых жылых памяшканняў, дагавораў іх куплі-продажу і ўтварэння правоў, абмежаванняў правоў на іх будзе ажыццяўляцца па заяве грамадзяніна-пакупніка і за кошт яго сродкаў.
Кватэры могуць быць прададзены па ведамасці тэхнічных характарыстык пры наяўнасці рэгістрацыйнага дакумента на жылы дом, у якім яны размяшчаюцца.
Пры ажыццяўленні грамадзянінам неабходных дзеянняў ад імя сельгасарганізацыі цана жылога памяшкання памяншаецца на суму затрачаных ім сродкаў на выраб дакументаў.
– Купіць жыллё ў сельгасарганізацыях маюць права толькі іх работнікі?
– Не. Згодна з прынятым указам, работнікі арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама звольненыя з гэтых арганізацый у сувязі з выхадам на пенсію грамадзяне, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, таксама маюць права выкупіць жыллё, пабудаванае з дзяржаўнай падтрымкай, з растэрміноўкай плацяжу на адрас сельгасарганізацый роўнымі часткамі на працягу 20 гадоў без выплаты першапачатковага ўзносу. Разам з тым узмоцнены патрабаванні па частцы права карыстання дадзенымі льготамі. У прыватнасці, для ўказаных грамадзян таксама ўстаноўлены ўмовы па частцы прадаўжэння работы ў арганізацыях для захавання прадстаўленай ільготы.
– Якія станоўчыя змены чакаюцца ў сувязі з дзеяннем Указа №97?
– Указ дазваляе замацаваць кадры ў сельгасарганізацыях на тэрмін, не меншы за 10 гадоў, скараціць колькасць незаселенага жылля, зняць з арганізацый нагрузку па ўтрыманні і абслугоўванні жыллёвага фонду, знізіць колькасць работнікаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Таксама ён улічвае інтарэсы работнікаў арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, аддзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў і дазваляе ўстанавіць адзіны парадак продажу жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, размешчаных на тэрыторыі адной адміністрацыйнай адзінкі.

Гутарыла
Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *