Школьники СШ №2 г. Докшицы прошлись по туристическому маршруту

"Дзеці ўважліва слухалі экскурсавода і зачаравана разглядалі аздабленне святыні."

«Дзеці ўважліва слухалі экскурсавода і зачаравана разглядалі аздабленне святыні.»

 

 "Час паступова разбурае рэш­ткі будынка, але і вышчэрбліны, і замшэлыя сцены, і некалі пакручастыя лесвіцы ствараюць асаблівае ўражанне."

«Час паступова разбурае рэш­ткі будынка, але і вышчэрбліны, і замшэлыя сцены, і некалі пакручастыя лесвіцы ствараюць асаблівае ўражанне.»

Згадзіцеся, што, калі дзесьці ў нашых планах з’яўляецца месца для адпачынку, адразу думаецца пра падарожжа. А разнастайнасць турыстычных маршрутаў на сённяшні дзень зашкальвае. Докшыччына – скарбніца цікавых археалагічных месцаў, незвычайных архітэктурных помнікаў, неверагодных легенд і паданняў, запамінальных гістарычных мясцін, пазнаёміцца з якімі можна як асабіста, так і праз мясцовыя турыстычныя маршруты. Самы папулярны з іх – “Докшыцкі вянок”, па якім у адзін з дзён школьных канікулаў і адправіліся вучні 1 – 4 класаў СШ № 2 г. Докшыцы.

– І ў летні спякотны дзень, і ў дажджлівую восеньскую непагадзь, і ў заснежаную марозную пару можна з замілаваннем захапляцца родным краем, – прыкмеціла метадыст па турызме ФСК “Ураджай” Ірына Сабалеўская, якая праводзіла экскурсію. – Спадзяюся, што снег, які пайшоў, ніколькі не сапсуе настрой дзяцей, а, наадварот, зробіць наша падарожжа падобным да казачнага.

Пакуль школьныя аўтобусы везлі вучняў да першага пункта прыпынку – Параф’янава, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся сваімі ведамі па гісторыі Докшыччыны. Наперабой яны расказвалі легенды пра паходжанне назвы райцэнтра, якія дапаўняла экскурсавод. Па дарозе на Параф’янава дзеці звярнулі ўвагу на помнік, які ўзведзены на месцы спаленай падчас Вялікай Айчыннай вайны вёскі Азарцы. Яшчэ адзін напамін пра тую страшную вайну – брацкая магіла 55 савецкіх воінаў і партызан у скверы, непадалёку ад чыгуначнага вакзала.

– Параф’янава лічыцца адным з самых старажытных паселішчаў нашага раёна, – расказвае Ірына. – Яго назва паходзіць ад слова «прихожанин». Галоўная славутасць мястэчка – касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, драўляныя сцены якога былі ўзведзены ў далёкім 1630 годзе. Пасля гэтага будынак разбураўся і аднаўляўся зноў. У 1908 годзе на месцы драўлянага касцёла на ахвяраванні мясцовых жыхароў пачалося ўзвядзенне новага, белыя сцены якога і сёння велічна ўзвышаюцца над мястэчкам. У 1956 годзе храм быў закрыты і прыстасаваны пад склад. Вернуты каталіцкай абшчыне ў 1989 годзе.

Дзеці ўважліва слухалі экскурсавода і зачаравана разглядалі аздабленне святыні. Старыя высачэзныя елкі ў прыкасцёльным двары зацікавілі хлопчыкаў і дзяўчынак, і яны пыталіся ў дарослых пра тое, якое ж дрэўца будуць тут упрыгожваць на навагоднія святы?

Наступны прыпынак – Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Сітцы, якая пабудавана мясцовымі майстрамі ў 1913 годзе таксама на месцы драўлянай. У храме знаходзіцца ікона Багародзіцы, якая лічыцца цудадзейнай. Штогод 1 жніўня Вялікія Сітцы з асаблівай павагай ушаноўваюць прападобнага Серафіма Сароўскага, Цудатворца, ікона якога месціцца тут.

Іскрыстыя сняжынкі, што лавілі вейкамі вучні, прамяні сонца, якія прарываліся скрозь снежныя аблокі, стваралі сапраўды казачны настрой. Чароўнасці да пачуццяў, што ўзніклі, дадаў аповед Ірыны пра сітцаўскія зоркі, неверагодную коль­касць якіх можна ўбачыць над мястэчкам у ясную ноч.

Самым захапляльным момантам экскурсіі стала наведванне сітцаўскага парка, які да цяперашняга часу захоўвае свае таямніцы. Пры ўездзе ў былую панскую сядзібу, заснаваную ў ХVІII стагоддзі прадстаўнікамі роду Бжастоўскіх, гасцей сустракае цагляная трох’ярусная брама з вінтавымі лесвіцамі па баках. Час паступова разбурае рэшткі будынка, але і вышчэрбліны, і замшэлыя сцены, і некалі пакручастыя лесвіцы ствараюць асаблівае ўражанне. У 1798 годзе сядзіба перайшла да роду Дамейкаў. Некалі яна славілася адметным вінаграднікам. А яшчэ да дома была прыбудавана вялікая аранжарэя, што ацяплялася зімой. Якія толькі экзатычныя расліны не вырошчваліся тут: пальмы, эўкаліпты, апельсіны, лімоны!

"Кажуць, калі дакрануцца да яго і загадаць самае запаветнае жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца."

«Кажуць, калі дакрануцца да яго і загадаць самае запаветнае жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца.»

 

"Мясцовыя жыхары называюць храм “пізанскай вежай.”

«Мясцовыя жыхары называюць храм “пізанскай вежай.”

 

"Завяршальнай кропкай маршруту сталі габрэйскія могілкі ў цэнтры горада."  Дзеці спрабавалі прачытаць надпіс на помніку.

«Завяршальнай кропкай маршруту сталі габрэйскія могілкі ў цэнтры горада.» Дзеці спрабавалі прачытаць надпіс на помніку.

Пасля Другой сусветнай вайны ад колішняга багацця амаль нічога не засталося. Сёння замест палаца, як маўклівыя сведкі, узвышаюцца чатыры калоны. Сярод іх – 500-гадовы дуб-волат. Кажуць, калі дакрануцца да яго і загадаць самае запаветнае жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца. Дзеці з заплюшчанымі вачыма, прыціхлі ля дрэва, каб перадаць яму свае мары…

Паркавай таямніцай называюць і падземны ход даўжынёй каля чатырох кіламетраў, які злучаў маёнтак і астравок на балоце каля фальварка Ямнае. Гэта месца падчас небяспекі служыла схованкай. Вучні зацікавіліся інфармацыяй і вырашылі, што ў будучыні абавязкова знойдуць уваход у падзямелле.

Па дарозе да наступнай кропкі экскурсійнага маршруту – Порплішча – абавязковае наведванне мемарыяльнага комплексу “Ходараўка”. Тут летам 1944 года былі расстраляны 600 вязняў канцлагера “Лібераўшчына” і 200 італьянскіх ваеннапалонных.

– На сённяшні час Порплішча ўключана ў большасць турыстычных праграм Беларусі, – падкрэсліла Ірына. – Галоўная славу­тасць мястэчка – самая старажытная на тэрыторыі нашага раёна Спаса-Праабражэнская царква, якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. Цікава, што першы будынак царквы быў пабудаваны на драўляных цвіках. Мясцовыя жыхары называюць храм “пізанскай вежай”, бо каля трыццаці гадоў таму будынак “прасеў”, а таму барабан і купал царквы крыху нахіліліся. Яшчэ адна адметнасць сучаснага храма – дзіцячыя арэлі ў двары. Праз дарогу ад царквы – драўляны касцёл Маці Божай Каралевы, які знешнім выглядам вельмі падобны да суседкі-царквы.

Падчас вяртання ў райцэнтр экскурсанты дзяліліся ўражаннямі, успаміналі паходжанні назваў населеных пунктаў, з якімі пазнаёміліся, узгадвалі дзівосныя легенды. У маршрут “Докшыцкага вянка” абавязкова ўваходзіць знаёмства з культавымі славутасцямі райцэнтра – Свята-Пакроўскай царквой і касцёлам Святой Тройцы, якія таксама багатыя на цікавыя падзеі.

Завяршальнай кропкай маршруту сталі габрэйскія могілкі ў цэнтры горада.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не толькі атрымалі новыя веды, але і былі ўражаныя дзівосамі і прыгажосцю роднага краю, выказалі жаданне адправіцца ў наступнае падарожжа па Докшыччыне.

Падарожнічала разам з дзецьмі
Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *